Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь запрашае на ўнікальны выставачны праект «Радзівілы: лёсы краіны і роду». Выставу складаюць жывапісныя і графічныя партрэты, мініяцюры, медалі, мастацкія тканіны з калекцыі Мацея Макалая Радзівіла, а таксама творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якія да 1939 года знаходзіліся ў Нясвіжскім замку. Пераважная большасць з іх будуць упершыню экспанавацца для шырокага кола гледачоў.

Перад наведвальнікамі выставы паўстануць мастацкія вобразы прадстаўнікоў найзнакаміцейшага магнацкага роду, які адыграў выключную ролю ў гісторыі і культуры краіны. Гэта Барбара Радзівіл – каралева Польшчы, яе бацька – Юрый Радзівіл, які меў ганаровую мянушку Геркулес Літоўскі, Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка – заснавальнік Нясвіжскай рэзідэнцыі, яго брат Юрый – кардынал, кракаўскі біскуп, Катажына з Сабескіх – сястра польскага караля Яна III Сабескага, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька – заснавальнік мануфактуры слуцкіх паясоў, Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку – яркі прыклад свабоды і незалежнасці шляхты Вялікага княства Літоўскага і іншыя. Сярод прадстаўленых партрэтаў ёсць і такія, якія, па меркаванні даследчыкаў, захаваліся ў адзінкавым экзэмпляры: Цэцылія з Радзівілаў Сяняўская, Антаніна Мянчыньская, Тэафілія з Радзівілаў Бжастоўская.

Выставачны праект «Радзівілы: лёсы краіны і роду» спрыяе ўмацаванню гістарычнай памяці беларускага народа і пашырэнню традыцый добрачыннасці і міратворчасці.

Выстава пачне працаваць з 14 лютага 2017 года. Падрабязней чытайце тут.

 

НІА
па матэрыялах сайта
Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь