Адна са знакавых для Беларусі дат 2017 года – 500 год з дня выдання Францыскам Скарынам «Псалтыра», які стаў першай усходнеславянскай друкаванай кнігай. З гэтай нагоды ў нашай краіне і за яе межамі плануюцца шматлікія святочныя ўрачыстасці і культурныя падзеі.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 2 лютага адбылося пасяджэнне рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Сустаршынямі аргкамітэта з’яўляюцца Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч і Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Падчас сустрэчы быў абмеркаваны план святкавання юбілею беларускай кнігі. Ён налічвае каля 60 мерапрыемстваў, што пройдуць па ўсёй кріане і за яе межамі. Першае з іх – XXIV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-ярмарка (8–12 лютага 2017 года). На ёй, у прыватнасці, адбудзецца прэзентацыя кніг, прысвечаных Францыску Скарыну, якія былі выдадзены беларускімі выдавецтвамі ў 2016 годзе. Так, будуць прадстаўлены тры тамы з серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя» – «Францыск Скарына. Чалавек-энцыклапедыя», «Францыск Скарына. Чалавек свету» і «Францыск Скарына. Чалавек-легенда», а таксама факсімільныя выданні кніжнай спадчыны беларускага першадрукара (праца над гэтым агульнанацыянальным праектам вядзецца з 2013 года).
Яркімі і змястоўнымі падзеямі святочных урачыстасцей стануць міжнародны кангрэс «500 год беларускага кнігадрукавання», які пройдзе ў Мінску ў верасні, і міжнародны выставачны праект «Францыск Скарына і яго эпоха», запланаваны на верасень – снежань. У ліку юбілейных падзей варта адзначыць і беларускі мастацка-адукацыйны праект «Спадчына Францыска Скарыны» пад эгідай ЮНЕСКА, міжнародны тэлевізійны праект «Скарына на мовах народаў свету».
Святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання пройдзе на высокім дзяржаўным узроўні і будзе накіравана як на асэнсаванне найбагацейшай спадчыны Францыска Скарыны, якая кансалідуе славянскія народы, так і на прэзентацыю Беларусі ў свеце.
НІА