Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў ладзяць сумесны гісторыка-мастацкі праект «Сем таямніц Беларусі». Ён закліканы пазнаёміць гледачоў з гісторыяй нашай краіны, знакавымі культурнымі з’явамі і сімваламі Беларусі.
Студэнты ўніверсітэта культуры і мастацтваў і ўдзельнікі творчых калектываў палаца прафсаюзаў на працягу амаль гадзіны праз музыку, спевы і танец распавядаюць пра каларытнасць і непаўторнасць беларускага краю і яго жыхароў. «Сем таямніц Беларусі» – гэта яркае сучаснае відовішча, якое паказвае тое, што дорага беларусам і што яны самаадана любяць. Гэта захапляльная вандроўка ў часе, дзе арганічна пераплецены дзень мінулы з днём сённяшнім. Гэта ўнікальная пастаноўка, якая неверагодным чынам злучае ў сабе адзінства традыцый многіх пакаленняў беларусаў з тэхналагічнасцю сучаснасці.
Па задуме стваральнікаў, «Сем таямніц Беларусі» мусіць стаць своеасаблівай візітоўкай нашай краіны. Аднак гэты праект будзе цікавы не толькі замежным гасцям, каб пазнаць наш народ, але і кожнаму беларусу, каб прыгадаць, чым і кім багата наша зямля, каб адчуць яшчэ большы гонар за нашу краіну.
Гісторыка-мастацкі праект «Сем таямніц Беларусі» штотыдзень можна паглядзець на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў у Мінску.
НІА