У 2017 годзе Беларусь будзе шырока адзначаць 135-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, аднаго з найслаўнейшых нашых песняроў Янкі Купалы. Урачыстае адкрыццё юбілейнага года пройдзе 11 студзеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

У святочнай імпрэзе прымуць удзел Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч, прадстаўнікі дыпламатычных місій, пісьменнікі, навукоўцы, акцёры, музейныя супрацоўнікі.

Падчас урачыстасці будзе прэзентаваны партрэт Янкі Купалы работы рускага мастака Мікалая Паўлава, які перадасць у дар музею старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч, а таксама ў выкананні акцёраў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі прагучаць вершы Янкі Купалы, аўтографам якіх Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02.08.2016 № 607 нададзены стасус 1 катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці: «Маja dola», «А хто там iдзе», «Прарок», «Спадчына».

 

НІА
(з выкарыстаннем матэрыялаў сайта
Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы)