Набліжаецца адзін з самых любімых беларусамі перыядаў гадавого кола – Каляды. Самы час падумаць пра тое, як гэтыя святочныя і перадсвяточныя дні правесці весела, актыўна і карысна. Таму ў афішы разнастайных навагодніх і калядных мерапрыемстваў для бацькоў і дзяцей варта звярнуць асаблівую ўвагу на тыя, што прапануюцца музеямі.
Так Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь запрашае на выставу «Час цудаў. Зімовыя святы і забавы», дзякуючы якой можна будзе здзейсніць падарожжа па беларускіх святах ад прыходу зімы да яе провадаў, а таксама зазірнуць у вясковую хату, на гарадскую вуліцу канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя і ў тыповую кватэру савецкага часу, каб адчуць тагачасную святочную атмасферу. Традыцыйная варажба, калядаванне, прадстаўленне «Батлейкі», пацешныя бытавыя сцэнкі, пакупкі на Масленічным кірмашы – гэтыя і іншыя забавы падораць сапраўдны святочны настрой і добры адпачынак.
Навагодняя выстава «Музей елачных цацак» – гэта ўнікальны праект, які прадстаўляе цацкі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі, Афрыкі, аналагаў некаторых з іх няма ні ў адным еўрапейскім музеі. Экспазіцыя пабудавана як чароўны лабірынт, што знаёміць з гісторыяй вытворчасці шкляных елачных цацак з сярэдзіны ХІХ стагоддзя да нашых дзён. Выстава ладзіцца ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Дом-музей I з’езда РСДРП».
Падчас «Казачных чытанак у музеі» некалькімі зімовымі вечарамі вядомыя беларускія пісьменнікі і супрацоўнікі гістарычнага музея прачытаюць для наведвальнікаў свае ўлюбёныя калядныя гісторыі. Утульная сяброўская атмасфера дазволіць не толькі паслухаць казкі, але і паразмаўляць з аўтарамі пра іх творы, а таксама расказаць пра свае цудоўныя прыгоды на Каляды.
Даведацца пра традыцыі святкавання Новага года і Каляд у Еўропе, гісторыю ўзнікнення і значэнне розных святочных сімвалаў і зрабіць калядны эка-вянок сваімі рукамі можна будзе на майстар-класе «Калядныя вянкі». А акцыя «Каробка Дабра» мае на мэце дапамагчы пацыентам Цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах таксама адчуць святочны настрой і атрымаць падарункі, сабраныя наведвальнікамі музея.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь перадсвяточныя імпрэзы ладзіць у Доме-музеі Ваньковічаў. 23 снежня тут адбудзецца вечар старадаўняй музыкі «Чароўныя гукі Раства» з удзелам ансамбля старадаўняй і сучаснай музыкі «BREVIS». 24 снежня і 6 студзеня пройдуць «Калядкі з дзеткамі ў Ваньковічаў». Музыканты фолк-гурта «HARMONIC STYLE PROJECT» падрыхтавалі казачную тэатралізаваную праграму з песнямі і народнымі забавамі, танцамі, ігрой на традыцыйных музычных інструментах. Усіх маленькіх удзельнікаў чакаюць гульні, цукеркі, вясёлы настрой, карагоды вакол сапраўднай ёлкі і сюрпрызы ад Казы.
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае дзяцей ад 5 да 10 гадоў, іх бацькоў і настаўнікаў на «Калядкі ў Купалавым доме». Удзельнікі змогуць не толькі павадзіць карагоды з калядоўшчыкамі і Казой, паспяваць і патанцаваць, прыняць удзел у актыўных гульнях, атрымаць падарунак ад Снягурачкі, але і даведацца, як адзначаюць Каляды ў Беларусі на працягу апошніх 100 гадоў, ды паглядзець лялечны спектакль «У пошуках Снягуркі».
Да ўвагі наведвальнікаў музея і калядная выстава «З новай казкай». Яе экспазіцыю складаюць дзіцячыя работы, створаныя падчас рэалізацыі дабрачыннага мастацкага праекта «Малюем Каляды разам» – пры падтрымцы студэнтаў-валанцёраў з Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава дзеці з аутызмам з дапамогай фарбаў і пэндзля перадавалі на паперы сваё адчуванне свята.
Больш падрабязную інфармацыю пра мерапрыемствы можна паглядзець на сайтах адпаведных музеяў.
НІА