Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа з нагоды 110-годдзя пачатку творчай дзейнасці Якуба Коласа, 90-годдзя верша народнага паэта Беларусі «Савось-распуснік» і 90-годдзя зборніка алегарычных апавяданняў «Казкі жыцця» ладзіць творчы конкурс «І складаюцца самыя дзівосныя казкі…». Мерапрыемства накіравана на выхаванне любові і цікавасці да беларускай літаратуры, папулярызацыю творчасці Якуба Коласа і дзейнасці музея, выяўленне, падтрымку і заахвочванне таленавітай моладзі.
Конкурс праводзіцца з 21 лістапада па 31 снежня 2016 года. Да ўдзелу запрашаюцца асобы ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў.
Творчыя работы на конкурс прымаюцца па дзвюх намінацыях – літаратурны конкурс і конкурс выяўленчага мастацтва.
Тэматыка літаратурнага конкурсу:
«Крыніца натхнення» – апавяданні «Казкі жыцця » Якуба Коласа;
«Чыя праўда?» – філасофскі аспект «Казак жыцця» Якуба Коласа;
«Ну, такі каток харошы, як драпянка за тры грошы!» – мой хатні гадаванец;
«І каб кожны пачуў тваё слова» – да 110-годдзя пачатку творчай дзейнасці Якуба Коласа.
Тэматыка конкурсу выяўленчага мастацтва (малюнкаў, паштовак, пано, калажу, вырабаў hand-made):
«Вось што, дзеткі, мае краскі» – 90 гадоў вершу «Савось-распуснік»;
«Казкі жыцця» Якуба Коласа ў выяўленчым мастацтве;
«Жывыя малюнкі, вобразы, сімвалы…» – да 110-годдзя пачатку творчай дзейнасці Якуба Коласа.
Больш падрабязна з умовамі правядзення конкурсу і патрабаваннямі да творчых работ можна пазнаёміцца на сайце Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
НІА