Прапаноўваем пазнаёміцца з чарговым нумарам сучаснага часопіса для падлеткаў і старшых школьнікаў «Бярозка».
Гісторыя поспеху: Антось Звычайны
Дзякуючы яму вершы Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка і іншых класікаў загучалі як хіп-хоп-трэкі. У інтэрв’ю «Бярозцы» Антось распавёў, навошта запісаў альбом «бел.літ. × змрок», падзяліўся марамі гісторыка і пісьменніка і адкрыў сакрэты беларускага музычнага асяроддзя.
– З чаго пачалося захапленне музыкай?
– Як ва ўсіх падлеткаў канца 2000-х: была хваля хіп-хопа, а мне хацелася выказаць увесь свой юнацкі пратэст у нейкай форме, і я пачаў пісаць вершаванкі – звязаныя адно з адным радкі, поўныя не вельмі добрых пачуццяў і слоў. Першапачаткова па-руску, а гадоў у 16 нешта перакулілася ўва мне і я паспрабаваў пісаць па-беларуску. З часам гэта ператварылася ў такую творчасць, як хіп-хоп.
Калумністыка: Адказ у люстэрку
Вова хоча вывучыць як мінімум тры мовы, каб стаць добрым перакладчыкам і паездзіць па свеце. Вова хоча, але пастаянная загружанасць не дазваляе яму ажыццявіць мару: то шмат дамашняй работы, то раптоўная вечарынка з сябрамі – які тут інгліш на пару з фрэнчам! Вось калі б настаўнікі былі больш міласэрныя, а сябры – прадказальныя...
Чалавек – дзіўная істота. Ён здольны выкруціцца з любой сітуацыі, знайсці апраўданне любому ўчынку, прызначыць крайняга, каб самім ім не быць. Але прызнаць сваю ляноту, страх або няведанне ў яго чамусьці не хапае смеласці. Ды і навошта, калі вакол хапае кандыдатаў, на якіх можна перакласці адказнасць?!
Літаратурная старонка: проза
Таццяна Гуляева, Аднойчы ў сёмым «Б»…
(Вясёлыя школьныя гісторыі)
Абарыгены
Наташа адкрыла крыжаванку, прачытала першае пытанне і задумалася: ну хто прыдумаў у школьным лагеры хатнія заданні даваць?
– Андрэй, а ты ведаеш, як завецца карэннае насельніцтва Амерыкі? Індзейцы? – пяцікласніца імгненна сцяміла, хто дапаможа ёй расправіцца з заданнем.
Старэйшы брат пацягнуўся ў крэсле і нараспеў адказаў:
– Канешне, ведаю: па-нам-цы... Якія яшчэ індзейцы?! Панама, ведаеш, дзе знаходзіцца?
– Не нясі лухту, тут восем літар. Не падыходзіць твой варыянт.
Знаходзячыся ў прыўзнятым настроі, Андрэй здагадаўся: заданне, хутчэй за ўсё, пераправерыць мама, таму можна смела пажартаваць.
– Я кажу табе: па-нам-цы. А тое, што літар не хапае, так не да мяне прэтэнзіі, а да настаўніцы, што пісьму цябе не навучыла. Любы двоечнік ведае, што «панамцы» праз дзве «н» пішуцца.
Месца: Наведаць Іўе
Першае, на што зверне ўвагу падарожнік, апынуўшыся ў мястэчку, – гэта зялёны мінарэт, які ўзвышаецца над прыватнай забудовай паблізу. Пагадзіцеся, вельмі нетыповая для Беларусі з’ява! Насамрэч Іўе мае вельмі глыбокія «мусульманскія карані». Яшчэ падчас княжання Вітаўта ў гэтай мясцовасці пасяліліся татары. Сёння яны натуралізаваліся, аднак беражліва захоўваюць сваю культурную спадчыну, у тым ліку і рэлігійную прыналежнасць. На вуліцах горада нескладана з выгляду распазнаць татарскія дамы. Як мне сказала мясцовая жыхарка Надзея: «Калі ў двары бачыш шмат цяпліц, то гэта дом татарына».
Праектар: Танчыць з жыццём
Перашкоды існуюць на кожным кроку. Перашкоды – гэта частка нашага жыцця. Калі б не было перашкод, то мы не цанілі б тое, чаго дасягаем. Бо нашмат больш мы цэнім тое, што дастаецца нам цаной вялікіх намаганняў.
«Білі Эліёт» – гэта брытанская карціна рэжысёра Стывена Долдры. Прэм’ера фільма адбылася 19 мая 2000 года на Канскім кінафестывалі. Англія 1984 года, адзінаццацігадовы Білі Эліёт, які жыве ў графстве Дарэм ў горадзе Эверынгтон (Everington). Вытанчаная і простая гульня англійскай мовы дазваляе казаць – так, гэта звычайны сярэднестатыстычны брытанскі гарадок. Але хлопчык, які тут жыве, незвычайны – ён па-вар’яцку захоплены балетам. Толькі вось сыну шахцёра не да твару танчыць балет.
НІА
па матэрыялах часопіса «Бярозка»