Прапануем пазнаёміцца з чарговым нумарам часопіса
Тэма нумара – рытм.
Беларуская літаратура: Чым адметны беларускі воўк
Што добрага было ў беларускай паэзіі? Ёсць стандартны адказ – Купала, Колас, Багдановіч. У другой жа палове ХХ стагоддзя хэдлайнераў больш. Алесь Разанаў стаіць крыху асобна ад іх, але займае важнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Звычайны чалавек, які асабліва нікуды не высалупваецца, а проста жыве сумленна, як лічыць правільным, і робіць тое, што яму падабаецца, таму і беспамылкова трапляе кожнаму ў сэрца.
Калі вывучаеш любую паэзію, беларускую ў тым ліку, падзяляеш: вось гарадская лірыка, вось любоўная, грамадзянская і гэтак далей. Філасофская лірыка ў беларускай літаратуры трывала асацыюецца з Алесем Разанавым. І менавіта філасофскай лірыцы звычайна несправядліва аддаюць няшмат увагі.
Калумністыка: Калі глядзіш вушамі
Аўдыялы – гэта людзі, якія ўспрымаюць свет пераважна праз гукі. Яны дрэнна запамінаюць твары, але пазнаюць ваш голас у слухаўцы праз шмат гадоў. Іх не раздражняе яркае адзенне, а вось рыпенне падушачак пальцаў па паверхні паветранага шарыка даводзіць да вар’яцтва.
Калі мяне спыталі, з чым бы я развітаўся больш ахвотна – са зрокам або са слыхам, я ні на хвіліну не задумваўся. Не ўяўляю, як жыць без гукаў, бо яны для мяне – самая дасканалая мова.
Калі скажаш каму-небудзь, што чуеш галасы, – пакруцяць ля скроні. А калі заўсёды чуеш музыку?
У маёй галаве – радыёпрыёмнік, які немагчыма адключыць. Гучыць усё: песні, якія я чуў пазаўчора ці сёння ў гандлёвым цэнтры; тое, што слухаў, калі быў маленькі; мелодыі, якія я ніколі раней не чуў, бо яны і не існуюць, быццам бы я сам прыдумаў іх хвіліну таму...
Месца: Вандроўка па шляхетных мясцінах
Самае цікавае месца для вандроўнікаў у Косаве – колішні фальварак Мерачоўшчына, што знаходзіцца на паўночна-заходнім ускрайку горада. Месца, вядомае на ўсю краіну праз два аб’екты. Першы – сядзіба, дзе нарадзіўся чалавек, які па праве лічыцца героем не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Літве, ЗША і іншых краінах, – Тадэвуш Касцюшка. Менавіта ў гэтай прыгожай драўлянай хаце з саламяным дахам у 1746 годзе з’явіўся на свет будучы кіраўнік вялікага паўстання. Зараз у сядзібе знаходзіцца мемарыяльны музей Тадэвуша Касцюшкі. У ім наведвальнікі могуць пабачыць інтэр’ер жылых пакояў беларускай шляхецкай сям’і XVIII стагоддзя, даведацца пра жыццё кіраўніка вядомага паўстання, а таксама паглядзець фільм, прысвечаны яго асобе. Ля сядзібы – парк, у якім надта прыемна бавіць час, атрымліваючы асалоду ад краявідаў.
Моўная старонка: школьныя даследаванні
Кацярына Захарэвіч, Пакліч па-беларуску
Юра, Ваня, Косця, Віця, Саша... – такія скарачэнні імёнаў маіх знаёмых я чую штодня. Але часам іх клічуць і так: Юрась, Янак, Кастусь, Віцюк, Алесь... Мой дзядуля Рычард, католік, адзначыў, што падобных скарачэнняў шмат і ў палякаў: Юзік, Эдзік, Рысек, Збышак, Стась... Відавочная здагадка: у беларускай мове мужчынскія асабістыя імёны часцей, чым у рускай, скарачаюць на зычны, і адбываецца гэта пад уплывам польскай мовы. Мне захацелася высветліць, ці так гэта і якія суадносіны паміж імёнамі, што скарачаюцца на зычны гук і на галосны.
Уплыў польскай мовы на беларускую доўжыўся з сярэдзіны XIII стагоддзя амаль да пачатку XIX стагоддзя ў час іх суіснавання ў складзе адзінай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, а потым – Рэчы Паспалітай.
НІА
па матэрыялах часопіса «Бярозка»