З прывітальным словам напярэдадні новага навучальнага года да чытачоў часопіса «Пачатковая школа» звяртаецца Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І. В. Карпенка.
Да 2017/2018 навучальнага года абноўлены праграмы для пачатковай школы па ўсіх прадметах. Аб дапрацоўцы праграм на старонках часопіса расказвае загадчык лабараторыі пачатковай адукацыі НІА А. А. Гулецкая.
Працягваем друкаваць дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы для 4 класа – у гэтым нумары па беларускай мове, літаратурным чытанні і матэматыцы, а таксама метадычныя распрацоўкі ад аўтараў новых падручнікаў па прадметах «Чалавек і свет. 1 клас» і «Літаратурнае чытанне» для 2 і 3 класаў.
Праграма факультатыўных заняткаў «Вытокі роднай мовы» (для 1–4 класаў) зацверджана прэзідыумам навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. У выдавецтве «Пачатковая школа» выйшлі метадычныя дапаможнікі і рабочыя сшыткі для 1 і 2 класаў. Узор правядзення факультатыўных заняткаў для 2 класа («Вакол мяне дзівосны свет»!) прапануе адзін з аўтараў метадычнага дапаможніка. Лепшаму засваенню ведаў малодшых школьнікаў паспрыяюць вершы і загадкі беларускіх пісьменнікаў, прыгожыя малюнкі, змешчаныя на каляровай укладцы і ў мультымедыйным дадатку да часопіса.
Эфектыўнасць кампетэнтнаснага падыходу да правядзення ўрокаў выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання ў спалучэнні з праектнай дзейнасцю, прафесійныя сакрэты знаёмства малодшых школьнікаў з лепшымі творамі мастацтва адлюстроўваюцца на старонках часопіса № 8.
Злабадзённай і актуальнай з’яўляецца праблема ўзаемадзеяння школы і сям’і вучняў. У рубрыцы «Нататкі псіхолага» разглядаюцца прычыны непаразуменняў, якія ўзнікаюць часам паміж значнымі для школьнікаў дарослымі, і прапануюцца шляхі наладжвання плённага супрацоўніцтва.
У якасці падарунка разам з часопісам № 8/2017 чытачы атрымаюць каталог прадукцыі выдавецтва «Пачатковая школа», прайс і часопіс-трэнажор «Отличник».
НІА