З сакавіцкага нумара навукова-метадычнага часопіса «Пачатковая школа» пачынаецца знаёмства чытачоў з асобамі, імёны якіх добра знаёмыя прадстаўнікам педагагічнай грамадскасці.

Адкрываецца выданне актуальным інтэрв’ю з кандыдатам педагагічных навук Святланай Іванаўнай Гін, чыё фота змешчана на вокладку.

Пытанні загадчыка лабараторыі пачатковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі А. А. Гулецкай тычацца ўмення самаарганізоўвацца, безадзнакавага навучання, выканання школьнікамі дамашніх заданняў і іншых актуальных для педагогаў праблем.

Штогод у сакавіцкім нумары часопіса «Пачатковая школа» змяшчаюцца матэрыялы для правядзення выніковых кантрольных работ па ўсіх прадметах. На старонках часопіса – матэрыялы для настаўніка, а ў мультымедыйным дадатку кантрольныя работы прадстаўлены ў выглядзе картак для вучняў з улікам патрабаванняў СанПіН.

На дадатковай укладцы «У дапамогу намесніку дырэктара», а таксама ў мультымедыйным дадатку прапанавана прыкладная даведка па правядзенні  аналіза кантрольных работ.

Друкуюцца новыя падыходы да распрацоўкі дыягнастычных матэрыялаў па раздзелах рускай мовы «Имя прилагательное», «Местоимение», «Глагол», «Наречие», а дыягнастычныя матэрыялы да гэтых раздзелаў змешчаны ў мультымедыйным дадатку.

У № 3 чытачы знойдуць працяг метадычных матэрыялаў ад аўтараў новых падручнікаў: па беларускім і рускім літаратурным чытанні ў 2 і 3 класах, а таксама па прадмеце «Чалавек і свет» у 1 класе.

Акрамя пашырэння змешчаных у часопісе артыкулаў, мультымедыйны дадатак прапануе ўрокі матэматыкі, рускай і нямецкай моў, дыдактычныя гульні да прадмета «Чалавек і свет», літаратурны матэрыял да факультатыўных заняткаў «Вытокі роднай мовы», а таксама карціны па тэме «Вясна» і інтэрактыўныя заданні па тэме «Пералётныя птушкі».

 

 

 

НІА