У майскім нумары чытачы часопіса «Пачатковая школа» знаёмяцца з аўтарамі вучэбна-метадычнага комплексу «Чалавек і свет» для I–III класаў – Сяргеем Анатольевічам і Галінай Уладзіміраўнай Трафімавымі.
Дыягнастычныя матэрыялы да ўрокаў літаратурнага чытання ў IV класе падзелены на дзве катэгорыі – работа з мастацкімі і навукова-пазнавальнымі тэкстамі. Як і раней, на старонках часопіса змешчаны метадычныя рэкамендацыі, а тэксты і заданні да іх прапануюцца ў выглядзе картак на дыску.
Педагагічным вопытам дзеліцца калектыў ДУА «Бярозаўская пачатковая школа». У рубрыцы «Адрасы перадавога вопыту» прапануюцца: урокі матэматыкі (II клас, тэма «Параўнанне двухзначных лікаў»), літаратурнага чытання (IV клас, «перакулены ўрок» – знаёмства з казкай «Ад крадзенага не пасыцееш»), прадмета «Чалавек і свет» (III клас, тэма «Значэнне лесу»); артыкул пра выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій пры засваенні слоўнікавых слоў; прыклад работы трэнінгавай групы, накіраванай на карэкцыю дзіцяча-бацькоўскіх адносін.
У рубрыцы «Конкурс» змешчаны матэрыялы, адзначаныя дыпломамі II ступені: урок матэматыкі ў II класе, урок літаратурнага чытання ў IV класе, выхаваўчае мерапрыемства па тэме здаровага ладу жыцця.
На каляровай укладцы пачынаем друкаваць серыю постараў па прадмеце «Мая Радзіма – Беларусь» – у гэтым нумары наглядныя дапаможнікі для першага ўрока (тэма «Беларусь – мая Радзіма») і трэцяга ўрока (тэма «Нашы продкі»).
На дыску, акрамя дадатковых матэрыялаў да артыкулаў часопіса, прапануюцца план і мерапрыемствы для работы летняга лагера.
Рубрыка дыска «Педагагічная скарбонка» знаёміць з распрацоўкамі ўрокаў. Для школ з беларускай мовай навучання прапануюцца наступныя:
- «Гукі [ц], [ц’]. Навучанне грамаце»;
- «Квадрат. Матэматыка. II клас»;
- «Рашэнне простых і састаўных задач. Матэматыка. II клас»;
- «Водныя багацці Рэспублікі Беларусь. Чалавек і свет. III клас»;
- «Правописание безударных гласных в корне слова. Русский язык. III класс».
Для школ з рускай мовай навучання прадстаўлена тэма «Однокоренные слова. Корень. Русский язык. II класс».
У нашай каштоўнай скарбонцы – рубрыцы «Сустрэча з пісьменнікам», якая ў відэафармаце ўжо пазнаёміла з шэрагам беларускіх дзіцячых пісьменнікаў (У. Ліпскім, М. Чарняўскім, І. Муравейкам, М. Маляўкам, В Жуковічам і інш.), гэтым разам сустракаемся з Наталляй Бучынскай.
НІА