Каб падрыхтаваць старонкі першага нумара новага паўгоддзя, рэдакцыі часопіса «Маладосць» давялося шмат паблукаць па далёкім і блізкім свеце: прайсціся пыльнымі вясковымі сцежкамі ў кампаніі Уладзіслава Сыракомлі; падарожнічаць да Турцыі з Саламеяй Пільштыновай з Русецкіх; наведаць Ізраіль і прывезці адтуль успаміны пра Рыгора Бярозкіна; праехаць у больш чым стагадовым цягніку па чыгунцы такой жа даўнасці; ажно двойчы трапіць у Львоў – літаратурны і турыстычны; пабадзяцца па дарогах Грузіі; кінуць кароткія позіркі на Барселону і Рым; вярнуцца ў Мінск і пашпацыраваць па ім ноччу; заправіцца палівам на самай беларускай АЗС у свеце; апусціцца ў акіян; выйсці за межы сябе; прайсціся па словах; суправадзіць ваенны парад; зганяць у нябесны свет…

Але няхай чытач не зайздросціць: усё гэта ён і сам можа здзейсніць, гартаючы ліпеньскую «Маладосць», чытаючы гэты нумар як падарожную кніжыцу, дзе на любую старонку свету знайшлася свая старонка.

Падпіска на першы нумар новага паўгоддзя (як і на ўсё паўгоддзе ці на квартал) працягваецца, але да канца яе тэрміну засталося ўжо няшмат часу.

Выпісваць часопіс, нагадваем, можна на льготны індэкс. Выпісваючы «Маладосць», вы падпісваецеся на ўласную маладосць; падтрымліваючы выданне, падтрымліваеце нашу культуру; працягваючы падпіску, працягваеце ўласны інтарэс да жыцця.

Давайце будзем раза«М»!

 

Рэдакцыя часопіса «Маладосць»