Лета. Самы час пагружацца ў розныя таямніцы і прагна шукаць адказы…
З чэрвеньскага нумара «Маладосць» прапануе чытачам інтэлектуальнае і графічнае ўвасабленне абсалютна новай ідэі – аўтарскі праект Змітра Кузменкі «е-закладкі», візуалізаваны Ганнай Кірэенка.
Гэта і праўда закладкі. Аўтар праекта прапануе наведваць электронныя базы, віртуальныя бібліятэкі, якія захоўваюць алічбаваныя рарытэты, даступныя «не толькі даследчыкам з сур’ёзных навуковых інстытутаў», а такія, якімі «можа карыстацца кожны жыхар планеты. Цалкам бясплатна».
Чытачам «Маладосці» ў кожным нумары прапанавана закладка, самая звычайная знешне, але, па-першае, «імянная» – бо мае на сабе назву адпаведнага сайта, а па-другое, жывая, актыўная – бо ўтрымлівае кюар-код для пераходу непасрэдна да рарытэтаў.
![]() |
![]() |
Першы выпуск рубрыкі прадстаўляе «Скруткі Мёртвага мора» – скруткі з тэкстамі кніг Старога Запавету, знойдзеныя ў 1947 годзе каля руін паселішча Кумран. Двухтысячагадовыя манускрыпты можна ўбачыць у любы час у выглядзе фатаграфічных выяў. Гэта і інфрачырвоныя негатывы 1950-х гадоў, і сучасныя каляровыя здымкі высокага разрознення, што дазваляе ўбачыць любую дэталь. «У многіх выпадках працаваць з такой лічбавай копіяй нават зручней, чым з цьмяным і ломкім арыгіналам», – піша аўтар праекта Зміцер Кузменка.
Другі выпуск, у ліпеньскі нумар, таксама ўжо падрыхтаваны. Закладка адсылае чытача ў Бібліятэку рэдкіх кніг і рукапісаў Бейнеке Ельскага ўніверсітэта, дзе захоўваецца дзіўны кодэкс XV стагоддзя, сакрэты якога дагэтуль не можа раскрыць ніхто, – рукапіс Войніча.
Але сэнс і значэнне рубрыкі не толькі ў тым, каб пагружаць чытача ў загадкі. Праект ствараўся з матывацыйнай мэтай. «Колькі падобных рарытэтаў дагэтуль хавае ў сабе наша беларуская зямля? А колькі іх загінула? Полацкі летапіс... Ненадрукаваныя пераклады Францішка Скарыны... Беларускія вершы Адама Міцкевіча... Рукапісы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча... Колькі неацэнных пергаментных скруткаў і папяровых аркушаў было выкінута ў агонь з шляхецкіх ды манастырскіх куфраў? Знесена з гарышчаў і ўжыта на распал ці самакруткі...», – дзеліцца аўтар сваімі перажываннямі. Яго мара – айчынны партал такога кшталту, «з паўнавартаснымі перакладнымі версіямі на англійскай, французскай, нямецкай мовах... Неістотна, як ён будзе называцца, – проста „Спадчына Беларусі“ ці неяк больш арыгінальна і сімвалічна. Галоўнае, што ў яго межах у бездакорных лічбавых копіях будуць прадстаўлены і даступны для вывучэння найвыдатнейшыя помнікі беларускай старажытнасці і новага часу. Сапраўдныя кутнія камяні беларускай нацыі. Рукапісныя. Друкаваныя. Выяўленчыя... Гэты партал мог бы таксама стаць пляцоўкай для віртуальнай рэстытуцыі гістарычных каштоўнасцей, вывезеных у розныя часы за межы Беларусі».
Зміцер Кузменка ўпэўнены, што мы на такое здольныя, што рупліва зберагаць і карпатліва вывучаць свае каштоўнасці і з гонарам прэзентаваць іх астатняму свету мы таксама можам. У тым фармаце, які пасля таксама трапіць у е-закладкі.
Святлана Воцінава,
галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»