Традыцыйна ў кастрычніку ва ўсім свеце настаўнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята. У Дзень настаўніка аддаюць даніну павагі педагогам сваёй краіны, якія прыкладаюць шмат намаганняў дзеля адукацыі падрастаючага пакалення, а значыць, і дзеля будучыні.

5 кастрычніка 1966 года ў Парыжы была праведзена Спецыяльная міжурадавая канферэнцыя аб статусе настаўнікаў (Special Intergovernmental Conference on the Status of Teachers). Канферэнцыя была скіравана на абмеркаванне праблем супрацоўнікаў сферы адукацыі на нацыянальным і сусветным узроўнях. У выніку прадстаўнікі ЮНЕСКА і Міжнароднай арганізацыі працы падпісалі першы міжнародны дакумент, які акрэсліваў умовы працы настаўнікаў: «Рэкамендацыі наконт статусу настаўнікаў» (Recommendation concerning the Status of Teachers). У ім замацоўваліся правы і абавязкі педагогаў і міжнародныя нормы, якія тычацца падрыхтоўкі настаўнікаў, павышэння іх кваліфікацыі, прыёму на працу і ўмоў працы. Афіцыйна святкаваць Сусветны дзень настаўніка 5 кастрычніка было прапанавана ЮНЕСКА ў 1994 годзе. Зараз гэта свята ўваходзіць у кола сусветных і міжнародных дзён ААН.

Дзень настаўніка ў розных дзяржавах святкуюць у розныя дні. У больш чым 100 краінах свету гэты дзень прыпадае на 5 кастрычніка.

У Беларусі (а таксама ў Латвіі, Украіне, Кыргызстане, Казахстане і Малдове) Дзень настаўніка адзначаюць у першую нядзелю кастрычніка.

Ад імя супрацоўнікаў Нацыянальнага інстытута адукацыі віншуем калег – усіх супрацоўнікаў сферы адукацыі з прафесійным святам – Днём настаўніка, якое педагагічная супольнасць нашай краіны адзначае з асаблівымі пачуццямі!

У гэты восеньскі дзень прыміце сардэчныя пажаданні прафесійных поспехаў, натхнення, ажыццяўлення цікавых задум і новых ідэй, а таксама бадзёрасці і сіл дзеля іх увасаблення!

Няхай гэты дзень падаруе вам мноства ўсмешак, цеплыні і радасці!

 

НІА