1 мая 2016 года Алегу Антонавічу Лойку споўнілася б 85 год.
Ён быў чалавекам вельмі шчодрым.
Як член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі – шчодрым на навуковыя ідэі. Аспірантаў А. А. Лойка лічыў дзясяткамі, таму што ў 1996 г. адрадзіў Вучоны савет па абароне дысертацый на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Любімых ідэй у Лойкі было тры. Першая – падняць беларускую навуковую школу па вывучэнні лацінамоўнай літаратуры часоў Вялікага княства Літоўскага. Гэтую ідэю ён падараваў найперш Сяргею Кавалёву (цяпер прафесару ў Люблінскім універсітэце). Другая ідэя – «ліцвінскасць»: патрэба вывучаць беларускі складнік у протабеларускім, польскамоўным пісьменстве часоў Рэчы Паспалітай і, пазней, часоў панавання Расійскай імперыі на беларускіх землях. Гэтае навуковае поле пасля Алега Антонавіча дасталося другому выбітнаму яго выпускніку – Міколу Хаўстовічу (прафесару Варшаўскага ўніверсітэта). І трэцяя ідэя – неабходнасць разумець беларускую літаратуру ХХ і ХХІ ст. не толькі як пісьменства метраполіі, але як корпус тэкстаў, створаных беларусамі ўсяго свету. Гэта былі цалкам інавацыйныя ідэі, таму не дзіўна, што сёння дактаранты і аспіранты Алега Антонавіча ўжо маюць нямала сваіх вучняў.
Як дэкан філалагічнага факультэта і рэфарматар сістэмы вышэйшай адукацыі, А. А. Лойка стварыў канцэпцыю нацыянальнага ўніверсітэта. Яе сутнасць – вывучэнне любой дысцыпліны павінна грунтавацца на сувязі з нацыянальна-культурным кантэкстам. Практыка некалькіх устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі ўжо засведчыла: там, дзе спецыялісту даюць дыплом з беларускай ды яшчэ іншакультурнай спецыялізацыяй, справы ідуць нашмат лепей, чым ва ўстановах з монаспецыялізацыямі.
Як паэт па таленце і па тэмпераменце, А. А. Лойка таксама быў найшчодрым. Характэрны для яго паэтычны радок – «Не сорамна любіць да слёз…»; тыповая назва літаратуразнаўчай працы – «Вытокі, веліч, хараство» (пра «Новую зямлю» Якуба Коласа). І Алег Антонавіч, здавалася, гатовы быў аддаваць бясконца. Не хапала новых акадэмічных падручнікаў па беларускай літаратуры – напісаў два аўтарскія «бестселеры»: пра ХІХ ст. і старажытнасць. Не было беларускай кнігі ў прэстыжнай серыі «Жизнь замечательных людей» – напісаў такую кнігу пра Янку Купалу. Не ставала літаратуразнаўчай навукова-папулярнай серыі – распачаў яе кніжкай «Займальная літаратура», якую напісаў ужо на бальнічным ложку. Не хапала школьнікам белетрыстыкі пра адраджэнцаў-масонаў ды ўніверсітэцкіх выкладчыкаў – прыдумаў авантурную аповесць «Кельты не ўміраюць». У застольнай бяседзе не ставала гасцям спеўных рамансаў – і напісаў, і спяваў у сябрыне: «Беларускае танга, / Беларускае танга, / Беларускае танга – / Незабыўны ўспамін… / Ты пакліч мяне, Ганка, / Прытулі мяне, Ганка, / Пацалуй мяне, Ганка / У цвіценні шыпшын…». Май з цвіценнем шыпшын – заўсёдная згадка пра патрыёта і творцу, вучонага і педагога, нястомнага рэфарматара вышэйшай школы, паэта і перакладчыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і прэміі імя У. Пічэты, узнагароджанага ордэнамі і медалямі Беларусі і Польшчы, Алега Лойку.
Людміла Сінькова,
доктар філалагічных навук, прафесар
(Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт)