28 снежня 2017 года пайшоў з жыцця слынны беларускі літаратуразнаўца і крытык Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў, кандыдат філалагічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, член Саюза пісьменнікаў СССР, член Беларускага ПЭН-цэнтра.
Свой жыццёвы шлях Дзмітрый Якаўлевіч пачаў 12 студзеня 1929 года ў вёсцы Сычык Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Вучыўся будучы літаратуразнаўца спачатку ў Магілёўскім педагагічным вучылішчы, пасля ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. Пасля заканчэння ў 1955 годзе аспірантуры ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага працаваў старшым выкладчыкам кафедры літаратуры Мазырскага педінстытута, навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР. З 1964 года Д. Я. Бугаёў выкладаў на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пяру Бугаёва-даследчыка належыць больш за трыста навуковых публікацый, прысвечаных праблемам развіцця беларускай літаратуры і крытыкі ХХ стагоддзя. Сярод іх манаграфіі пра жыццё і творчасць М. Лынькова, М. Танка, У. Дубоўкі, М. Гарэцкага, К. Крапівы, І. Мележа, В. Быкава, агляды творчасці і пісьменніцкія партрэты І. Шамякіна, Я. Брыля, А. Адамовіча, І. Чыгрынава, М. Стральцова, І. Навуменкі, Г. Бураўкіна, П. Панчанкі, Я. Янішчыц і іншых майстроў слова. У сваіх працах Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў аналізаваў жанрава-тэматычнае багацце і стылёвую разнастайнасць беларускай літаратуры, раскрываў творчую індывідуальнасць пісьменнікаў, асэнсоўваў актуальныя пытанні літаратурнага працэсу. Яго кнігі «Шчодрае сэрца пісьменніка», «Паэзія Максіма Танка», «Уладзімір Дубоўка», «Максім Гарэцкі», «Шматграннасць», «Зброяй сатыры, зброяй праўды», «Вернасць прызванню: творчая індывідуальнасць Івана Мележа», «Талент і праца», «Чалавечнасць», «Васіль Быкаў», «Арганічнасць таленту», «Спавядальнае слова», «Служэнне Беларусі», «Жыццём ідучы: з гісторыі беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі» – яркая з’ява беларускага літаратуразнаўства. Прымаў удзел Д. Я. Бугаёў і ў напісанні акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры», аднайменнага вучэбнага дапаможніка для філалагічных факультэтаў універсітэтаў.
Больш за паўвеку жыцця аддаў Дзмітрый Якаўлевіч, працуючы старшым выкладчыкам, дацэнтам і прафесарам, падрыхтоўцы будучых філолагаў, настаўнікаў і навукоўцаў. Быў ён неабыякавы і да працэсу выкладання беларускай літаратуры ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. На працягу шэрагу гадоў вучні 9–11 класаў вывучалі беларускую літаратуру па падручніках, адным з аўтараў якіх з’яўляўся Д. Я. Бугаёў, а настаўнікі беларускай мовы і літаратуры пры падрыхтоўцы да ўрокаў з задавальненнем карыстаюцца яго дапаможнікам «Вывучэнне творчасці Васіля Быкава ў школе».
Супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі глыбока смуткуюць з прычыны адыходу з жыцця таленавітага вучонага і педагога Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва і выказваюць спачуванне яго родным і блізкім.
Калектыў супрацоўнікаў
Нацыянальнага інстытута адукацыі