Штогод 14 кастрычніка ў Беларусі святкуецца Дзень маці як даніна павагі ўсім маці і іх высакароднай працы выхавання дзяцей. Ушанаванне маці адбываецца ў многіх краінах свету, але адзначаецца яно ў розныя дні. Беларуская дата прымеркавана да вялікага праваслаўнага свята – Пакровы Прасвятой Багародзіцы.

Да Дня маці ў нашай краіне з 8 па 14 кастрычніка праходзіў Тыдзень маці, які быў напоўнены цікавымі і запамінальнымі падзеямі. Сярод іх – выстава-форум «Мацярынства і дзяцінства», дабрачынная акцыя «Міласэрнасць», конкурсы, канцэрты, урачыстыя прыёмы, святы ўшанавання шматдзетных, прыёмных і апякунскіх сем’яў, мацярок, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. У Беларусі 10 тысяч жанчын, якія выхоўваюць і выхавалі пяць і больш дзяцей, узнагароджаны Ордэнам Маці. Больш за 560 з іх атрымалі ўзнагароду сёлета. Зараз робяцца захады па пашырэнні пакета мер падтрымкі такіх сем’яў: павелічэнне матэрыяльнай дапамогі, паслуг догляду за дзецьмі, падтрымкі малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў, умацаванне пенсійнага забеспячэння, падтрымка будаўніцтва жылля і дзіцячых садкоў, іншае.

Цэнтральнай падзеяй Тыдня сям’і стаў фінал чацвёртага рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года», які адбыўся 12 кастрычніка ў Палацы культуры прафсаюзаў у Мінску. Арганізатарам выступіла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пры падтрымцы міністэрстваў інфармацыі і культуры, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага саюза жанчын, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, рэспубліканскіх і міжнародных грамадскіх аб’яднанняў, іншых арганізацый. Галоўныя задачы конкурсу – умацаванне духоўных і маральных асноў сям’і, адраджэнне і прапаганда сямейных каштоўнасцяў і традыцый, павышэнне ролі і прэстыжу сям’і ў жыцці грамадства, прасоўванне ідэі адказнага бацькоўства і роўнага ўдзелу абодвух бацькоў у выхаванні дзяцей.

Першыя спаборніцтвы прайшлі ў 2012 годзе, другія – у 2014, а трэція – у 2017. Пераможцамі ў свой час сталі сем’і Глазковых з Магілёва, Ніканчук з Наваполацка, Петрушко з Калінкавічаў.

Сёлета ў фінале конкурсу ўдзельнічалі пераможцы абласных і мінскага гарадскога этапаў. Лепшай сям’ёй года ў 2019 сталі Нікалаевы з Магілёва, яны атрымалі дыплом І ступені. Другімі сталі Нікіціны з Гомеля і Бычкоўскія з Мінска. Дыпломы ІІІ ступені атрымалі сем’і Коцік з Брэста, Кулаковы з Віцебска, Качура з Ліды і Івашка з Нясвіжа. Усе пераможцы атрымалі таксама і грашовыя прэміі.

 

Нацыянальны інстытут адукацыі з радасцю віншуе ўсіх жанчын, якія адчулі шчасце мацярынства,
якія яшчэ рыхтуюцца гэта адчуць, з Днём маці!
Мілыя, ласкавыя, дарагія нашы матулі!
Жадаем, каб вашы надзеі апраўдаліся.
Няхай спагадлівае мацярынскае сэрца заўсёды спакойна б’ецца ў такт радасці,
поспеху і гонару за сваіх дзяцей.

Будзьце здаровыя і шчаслівыя, бо вы наша ўсё!

 

НІА