Print
Category: Экология

14–15 студзеня 2017 года стартуе традыцыйная акцыя «Птушкі ля кармушкі», якую ладзіць грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Каб прыняць удзел у згаданай акцыі, трэба ў любы з названых дзён (ці на працягу двух дзён) падлічыць віды і колькасць птушак ля сваёй кармушкі і даслаць звесткі арганізатарам шляхам запаўнення электроннай формы на сайце арганізатара або з дапамогай паведамлення на старонках арганізатара ў сацыяльных сетках Facebook і «ВКонтакте». Таксама пажадана даслаць аповеды пра ўражанні і назіранні за пернатымі ды фотаздымкі птушак ля кармушак.

Арганізатары конкурса заклікаюць падтрымліваць птушак у суровыя марозныя дні: па-першае, птушкі адчуваюць недахоп корму з-за снегавога насцілу, па-другое, ім патрабуецца больш энергіі, а значыць – больш ежы. Кожны можа без асаблівых высілкаў падтрымаць птушак – зрабіць простую кармушку, якая стане сапраўдным паратункам для дзясяткаў вялікіх сініц, вераб’ёў, зелянушак і іншых гасцей.

Сярод удзельнікаў акцыі грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны» разыграе 10 значкоў з птушкамі, якія часцей за іншых наведваюць кармушкі (гэта зелянушка, гіль, палявы і дамавы верабей).

Якімі будуць «Птушкі ля кармушкі – 2017» – залежыць ад кожнага з нас. Арганізатары акцыі чакаюць вашага ўдзелу і шчыра жадаюць, каб ваша кармушка поўнілася разнастайнымі крылатымі гасцямі!

 

НІА
па матэрыялах сайта ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»