Print
Category: Новостная лента

Ілюстраваны літаратурна-мастацкі часопіс для дзяцей і падлеткаў «Бярозка», заснавальнікам якога з’яўляецца Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом „Звязда“», запрашае далучыцца да перадкаляднай дабрачыннай акцыі «Падары „Бярозку“ дзіцячаму дому».

Прыняць удзел у ёй вельмі проста: варта аформіць падпіску на адрас любога дзіцячага дома ці сацыяльнага прытулку або на адрас сям’і, у якой гадуецца дзіця з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Ініцыятыву аўтара рубрыкі «Лісты да хрэсніка», якая выходзіць у блоку «Зярняткі веры», Ірыны Клышэўскай падхапілі ўжо многія неабыякавыя людзі. Сярод іх калумніст часопіса «Маладосць» Канстанцін Касяк, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава, урач-артапед Андрэй Людчык, член рэдкалегіі часопіса «Бярозка» Вольга Русілка, мастацтвазнаўца Галіна Багданава, паэт і празаік, які друкуецца ў «Маладосці» як Андрэй З-і, ён жа «неўтаймаваны Вісарыён» Андрэй Захарэўскі, часопіс «Вясёлка», настаўнікі і вучні з розных рэгіёнах краіны.

«Бярозка» – адзіны ў нашай краіне цалкам беларускамоўны часопіс для падлеткаў, іх настаўнікаў і бацькоў. Яму ўжо больш за 90 гадоў. З самага пачатку свайго існавання выданне адрасавалася хлопцам і дзяўчатам, якія мараць стаць журналістамі або пісьменнікамі. І зараз на яго старонках дастаткова месца адведзена нататкам, замалёўкам, рэпартажам, вершам, апавяданням і іншым творам аўтараў-пачаткоўцаў (рубрыкі «Школа журналістыкі», «Верасок-проза», «Верасок-паэзія»). Клапоціцца «Бярозка» пра тое, каб вучыць сваіх чытачоў творчасці (напрыклад, рубрыка «Практыкум»). Друкуюцца таксама матэрыялы, у якіх распавядаецца пра маладых беларускіх мастакоў, музыкантаў, літаратараў, пра іх шлях да творчасці і самарэалізацыі (рубрыкі «Я вучуся ў беларусаў», «Гісторыя поспеху»). Дапамагае «Бярозка» сваім чытачам і ў засваенні вучэбнай праграмы. У рубрыцы «Бел.літ.» так разглядаюцца хрэстаматыйныя творы класічнай беларускай літаратуры з пазіцыі сучаснасці, а рубрыка «Я ведаю мастацтва» вучыць на канкрэтных прыкладах «чытаць» і разумець жывапісныя палотны.

Для сваіх чытачоў часопіс стварае адмысловую беларускую культурную прастору. Гэта і «Літаратурныя старонкі», дзе вядомыя майстры мастацтва слова прадстаўляюць свае творы для падлеткаў. І «Незапыленае» – завочныя вандроўкі па беларускіх музеях і прыватных калекцыях рарытэтаў. І «Гатавальня» – кулінарная старонка з літаратурным падтэкстам, дзе распавядаецца, як прыгатаваць нацыянальныя беларускія стравы, якія ўжывалі ў ежу героі мастацкіх твораў. І «Я сардэчка Беларусь» – краязнаўчыя матэыялы ад руплівых збіральнікаў і даследчыкаў гісторыка-культурнай спадчыны з розных рэгіёнаў Беларусі.

На старонках «Бярозкі» падлеткі могуць падзяліцца сваімі думкамі наконт хвалюючых іх тэм (рубрыкі «Жыццёвае», «Пазакласнае»), атрымаць адказы на пытанні, як знайсці сябе ці выйсці з пэўнай складанай сітуацыі (рубрыкі «Псі-факторыя», «Сітуацыя плюс»), паглядзець на пэўныя праблемы школьнага жыцця з іншага боку (рубрыка «Настаўніцкая на праслушцы»).

«Афармляйце падпіску на часопіс „Бярозка“ не толькі для сябе і родных, але і для тых, каму жадаеце будучыні – інтэлігентнай і інтэлектуальнай», – заклікаюць удзельнікі дабрачыннай акцыі «Падары „Бярозку“ дзіцячаму дому».

Аформіць падпіску на часопіс можна ў любым аддзяленні Белпошты або ў магазінах і кіёсках Белсаюздруку. Індэксы льготныя: 74888 (індывідуальны) і 74879 (ведамасны).

 

НІА