Print
Category: Регионы

Сёлета, у маі 2021 года, адсвяткаваў 25-гадовы юбілей Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт «Берагіня» ДУА «Мётчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Барысаўскага раёна».

Гэты дзіцячы танцавальны калектыў заснаваў вядомы этнахарэограф Мікола Аляксеевіч Козенка, уладальнік медаля Францыска Скарыны, які і зараз з’яўляецца яго нязменным мастацкім кіраўніком. Разам з музычным кіраўніком Антанінай Анатольеўнай Абрамовіч, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, яны працуюць з рознаўзроставай суполкай шчырых прыхільнікаў традыцыйнай беларускай культуры – вучнямі 2–11 класаў Мётчанскай школы. Адметнасцю гурта з’яўляецца таксама і тое, што «берагінцы» апранаюцца ў святочныя строі, пашытыя з улікам мясцовых традыцый і аздобленыя рукамі дзяцей, бацькоў і настаўнікаў.

 

На святочным мерапрыемстве, прысвечаным юбілею «Берагіні», са шчырымі словамі віншавання выступілі прарэктар па метадычнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аксана Уладзіміраўна Савіцкая, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вячаслаў Віктаравіч Калацэй. Былі зачытаны шматлікія ўрачыстыя віншаванні ад грамадскіх культурных аб’яднанняў, фальклорных калектываў Беларусі і Расіі, дзяржаўных устаноў адукацыі і культуры Беларусі.

Гасцей свята пазнаёмілі з гісторыяй школы і гурту «Берагіня» на экскурсіі ў школьнай этнагасцёўне і запрасілі на VIII Мядоцкія чытанні «Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання». Мядоцкія чытанні (своеасаблівая навукова-практычная канферэнцыя) арыентаваны на абагульненне практычнага вопыту ў сферы народнай культуры. Адметнасць іх у тым, што разам з настаўнікамі, метадыстамі ўстаноў адукацыі і культуры, выкладчыкамі і студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў са сваімі дакладамі і паведамленнямі ўдзельнічаюць мётчанскія школьнікі.

Урачыста адкрыў Мядоцкія чытанні дырэктар ДУА «Мётчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Барысаўскага раёна» Ягор Аляксеевіч Мандрык, які адзначыў важнасць уключэння традыцыйных каштоўнасцей у духоўны свет сучаснай моладзі Беларусі.

Шчырую зацікаўленасць выклікалі грунтоўныя выступленні кандыдата культуралогіі Вячаслава Віктаравіча Калацэя і прафесара кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксея Уладзіміравіча Рагулі, аналітычная інфармацыя пра дзейнасць па захаванні традыцыйнай культуры ва ўстановах адукацыі Міншчыны метадыста Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталлі Уладзіміраўны Музычкінай.

Зацікаўленым слухачам Алена Уладзіміраўна Сусолкіна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, паведаміла пра вынікі даследавання пра паходжанне імёнаў і прозвішчаў, а Ксенія Жаканава, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, расказала пра ролю педагога ў этнавыхаванні на прыкладзе асобы Міколы Аляксеевіча Козенкі. Але, напэўна, найбольш уразілі выступленні Ксеніі Галузы, Аляксея Кавальчука, Мікіты Касцюковіча, Вікторыі Кандратавай, навучэнцаў Мётчанскай школы і юных даследчыкаў Мядоцкай культуры.

Працягам мерапрыемства стаў святочны канцэрт Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта «Берагіня», у які ўвашлі старадаўнія і больш поздняга паходжання танцы ў выкананні гуртам («Лявоніха», «Мяцеліца», «Абэрак»), парамі («Мільён», «Субота»), па аднаму («Мікіта», «Барыня», «Яблычка»), інструментальныя найгрышы «Мядоцкія сабіронікі», вясельныя і карагодныя песні, імправізаваныя чытанні народных казак.

А на заканчэнне свята гасцей запрасілі на фальклорную танцавальную вечарыну – «Скокі да ўпаду».

Хай квітнее і шчасліва святкуе далейшыя юбілеі «Берагіня»!

 

Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама