Print
Category: Регионы

29 красавіка 2017 года ў ДУА «Гімназія № 36 г. Гомеля імя Івана Мележа» быў праведзены абласны конкурс рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску» сярод вучняў VIII–X класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У гэтым годзе ён быў прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Конкурс праводзіўся з мэтай развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў, павышэння агульнага культурнага ўзроўню гаварэння, фарміравання ў навучэнцаў спецыяльных камунікатыўных уменняў і навыкаў, выяўлення здольных і лінгвістычна адораных дзяцей.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел 73 навучэнца, 23 з якіх з’яўляюцца вучнямі VIII класаў, 24 – ІХ і 26 – Х класаў. Удзельнікі прадставілі ўсе раёны вобласці і горада Гомеля, Мазырскі дзяржаўны абласны ліцэй і Спецыялізаваны ліцэй пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Для ацэньвання выступленняў юных рытараў у склад журы запрасілі выкладчыкаў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і трэнераў абласной каманды ўдзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

У I туры журы конкурса ацэньвала загадзя падрыхтаванае мультымедыйнае эсэ па прапанаванай тэме:

«Вучыў мяне лес пазнаваць
Прыгоства, суладнасць і чары прыроды» (Якуб Колас);

«Любімось, мае суседзі!
Кіньма сваркі, звадкі,
Жыйма, як родныя дзеці
Адной нашай маткі!» (Янка Купала);

«…Ішоў прарок пясчанай сцежкай
З навукай новаю к людзям» (Янка Купала).

 

Пасля пяцімінутнага выступлення канкурсантам прапаноўвалася адказаць на пытанні іншых удзельнікаў і членаў журы.

У якасці крытэрыяў ацэнкі I тура былі абраны змест выступлення, адпаведнасць моўным нормам, творчае рашэнне, уменні задаваць пытанні і адказваць на іх.

У II туры пасля 15-мінутнай падрыхтоўкі юныя рытары выказваліся на адну з дзвюх прапанаваных тэм. Па завяршэнні свайго выступлення кожны з удзельнікаў адказваў на пытанні журы.

Крытэрямі ацэнкі прамовы былі вызначаны адпаведнасць выказвання абранай тэме, лагічнасць і будова выказвання, культура і эфектыўнасць маўлення, тэхніка прамаўлення.

Падчас выступленняў вучні распавядалі пра свае пачуцці, меркаванні і думкі, выкліканыя тэмамі эсэ і вуснага выказвання. У кожнага ўдзельніка была магчымасць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, інтэлектуальны патэнцыял, культурны ўзровень маўлення.

Ляшчынская Вольга Аляксееўна, прафесар кафедры беларускай мовы УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны», доктар філалагічных навук, прафесар, старшыня журы конкурсу, пры падвядзенні вынікаў выказала падзяку ўдзельнікам і іх настаўнікам за любоў, павагу і адданасць роднай мове і адзначыла, што ўзровень падрыхтоўкі вучняў паляпшаецца з кожным годам.

Пераможцамі абласнога конкурса рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску» сталі 32 навучэнцы з 14 раёнаў вобласці і горада Гомеля.

Яркія ўражанні, незабыўныя сустрэчы, эмацыянальны станоўчы зарад – вось пералік тых пачуццяў, якія атрымалі ўдзельнікі мерапрыемства.

Віншуем пераможцаў, жадаем ім і іх настаўнікам далейшых поспехаў!

 

 

 

 

 

НІА
па матэрыялах Гомельскага абласного
інстытута развіцця адукацыі