Print
Category: Культура

14 ліпеня 2016 года – афіцыйнае адкрыццё ХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». На працягу ўсіх гадоў існавання гэты форум мае на мэце аб’яднанне творчых сіл блізкіх па культуры краін і садзейнічанне дыялогу паміж рознымі народамі. Дэвіз фестывалю – «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення».

Гісторыя форуму пачынаецца 18 ліпеня 1992 года, калі па ініцыятыве Беларусі, Расіі і Украіны ў Віцебску быў наладжаны першы «Славянскі базар», цэнтральнай падзеяй якога стаў Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў папулярнай песні. У той год на фестывальных сцэнах выступілі артысты не толькі з краін-арганізатараў, але і з Польшчы, Грузіі, ЗША, Канады і Аўстраліі. Сёлета ж сярод удзельнікаў – прадстаўнікі 44 дзяржаў свету.

З 1993 года «Славянскі базар» з’яўляецца членам Міжнароднай федэрацыі арганізатараў фестываляў. У 2002 і 2004 гадах ён прызнаваўся «Фестывалем года» за бездакорную якасць арганізацыі, прафесіяналізм і майстэрства выканаўцаў, за папулярызацыю высокіх гуманістычных ідэй на міжнароднай арэне. У 2015 годзе дырэктар фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Аляксандр Сідарэнка быў абраны прэзідэнтам Сусветнай асацыяцыі фестываляў.

Арганізатары «Славянскага базару» прапануюць гледачам праграму на любы густ. Гэта і міжнародныя конкурсы маладых выканаўцаў эстраднай песні, і дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2016», і шматлікія канцэртныя мерапрыемствы з удзелам зорак эстрады розных краін, і опэн-эйр ад лепшых дыджэяў свету «Vitebsk Dance Night», і «Фестываль без межаў» з праграмамі класічнай музыкі, і праекты «Тэатральныя сустрэчы» ды «Лялечны квартал», і фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», і «Горад майстроў» ды «Задзвінскі кірмаш», і мастацкія выставы ды іншыя экспазіцыі. Усяго адбудзецца каля 150 фестывальных мерапрыемстваў.

З праграмай фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» можна пазнаёміцца тут.

НІА