У канцы кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося адкрыццё часовай выставы «Апалены золак», прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Гэта вынік сумеснай работы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Творчасць Якуба Коласа складае цэлую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры. Яго па праву лічаць заснавальнікам нацыянальнай прозы, яго пяру належаць паэтычныя шэдэўры – паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка», у разрад нацыянальнай класікі ўвайшлі вершы Коласа. Паэт адкрыў для літаратур свету беларускае слова, апеў беларускі народ.

На часовай экспазіцыі прадстаўлены плакаты аб жыццёвым шляху Юрыя Канстанцінавіча Міцкевіча, сярэдняга сына Якуба Коласа. На выстаўцы ёсць фотаздымкі, дакументы, успаміны, ліставанне з роднымі. Фотаздымкі паказваюць Юрку ў асяродку сваёй сям’і, а таксама сяброў і аднакурснікаў. Ліставанне з маці і бацькам у першыя месяцы вайны раскрывае Юрыя як мужнага і моцнага чалавека, і ваяра, і адначасова пяшчотнага і добрага сына. Перажыванні аб лёсе свайго сына Якуб Колас перадаў у вершаваных радках паэмы «Рыбакова хата», а Міхась Міцкевіч боль аб страце любімага брата, якую пранёс праз доўгія гады, пакінуў ва ўспамінах пад назвай «Ліст наўздагон». Значна пазней цэлую паэму, прысвечаную трагічнаму лёсу Юрыя Міцкевіча, напісаў паэт Мікола Мятліцкі, назваўшы яе «Апалены золак. Вяртанне Юркі Міцкевіча».

Выстава будзе працаваць да 28 лістапада 2022 года.

НІА
па матэрыялах сайта
Беларускага дзяржаўнага музея
гісторыі Вялікай Айчыннай вайны