Print
Category: Культура

Я – беларус, я нарадзiўся на гэтай казачнай зямлi,
Дзе мiж лясоў i пушчаў дзiкiх адвеку прашчуры жылi.
Я – беларус, я ганаруся, што маю гэтае iмя:
Аб добрай славе Беларусi ў свеце знаюць нездарма!
Ніл Гілевіч

30 верасня 2021 года спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, літаратуразнаўцы, фалькларыста, перакладчыка, заслужанага дзеяча навукі Ніла Сымонавіча Гілевіча.

Нарадзіўся паэт у вёсцы Слабада Лагойскага раёна ў сялянскай сям'і. Пісаць вершы Ніл Гілевіч пачаў, калі яму было дзевяць гадоў. Першы надрукаваны твор з'явіўся пасля вайны, у 1946 годзе, – верш «Яблынька» быў апублікаваны ў часопісе «Бярозка».

У 1951 годзе скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча, потым філалагічны факультэт БДУ. Працаваў настаўнікам у школе, на кафедры беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта, літаратурным кансультантам у газеце «Звязда».

Усе творы Ніла Гілевіча прасякнуты любоўю да роднага краю і яго гістарычнай спадчыны. Яны ўвабралі ў сябе ўсё, што належыць беларускай зямлі: яе гісторыю, характар, душу.

Першая кніга паэзіі Ніла Гілевіча «Песня ў дарогу» выйшла ў 1957 годзе. Потым свет убачылі зборнікі вершаў «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961). Менавіта ў іх праявіліся эскізы асноўных сюжэтаў і вобразаў творчасці паэта: матывы маці і роднай матчынай мовы прыраўноўваюцца да малой Радзімы, да маці-Беларусі, беларускай народнай песні.

Вершы і паэмы Ніла Гілевіча адрозніваюцца задушэўным лірызмам. Яго пяру належаць раман у вершах «Родныя дзеці» (1985), «Нарач» (1956), аўтабіяграфічная аповесць «Перажыўшы вайну» (1988).

Паэт пісаў і для дзяцей: у розныя часы выйшлі зборнікі вершаў «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Добры чалавек» (1987), «Шчаслівыя хвіліны» (2001). У 2005 годзе асобнай кнігай убачыла свет аповесць «Разумная дзевачка».

Шматлікія вершы Ніла Гілевіча былі пакладзены на музыку. Яе напісалі такія славутыя кампазітары, як І. Лучанок, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі і інш.

Паэт пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў. З'яўляецца аўтарам кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы «Акрыленая рэвалюцыяй» (1962), «Наша родная песня» (1968), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Мой белы дзень» (1992) і інш.

Акрамя навуковай і літаратурнай працы Ніл Гілевіч займаўся палітыкай. 3 1985 года ён працаваў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а з 1990-га з'яўляўся старшынёй яго пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.

Ніл Гілевіч быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія І ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай, украінскім ордэнам князя Яраслава Мудрага ІІІ ступені і інш.

Пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі 29 сакавіка 2016 года ў Мінску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

 

НІА