Print
Category: Культура

Сёлета ў пачатку верасня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння беларускага пpaзaiка, дpaмaтypга, лiтapaтypaзнaўцы, кpaязнaўцы, пaлiтычнага дзeяча Віталя Вольскага (Віталя Фрыдрыхавіча Зэйдэль-Вольскага).

Чытачы ведаюць яго як аўтара драматызаваных казак, вядомай камедыі «Несцерка», значнай колькасці краязнаўчых кніг і цікавых нарысаў, даследчыка беларускай літаратуры, перакладчыка, нястомнага падарожніка.

Нарадзіўся Віталь Фрыдрыхавіч 5 верасня 1901 г. у Пецярбургу ў сям’і служачага. Атрымаў добрую адукацыю ў гімназіі, ведаў 5–6 моў, захапіўся ідэямі сацыялізму, уключыўся ў рэвалюцыйны рух. З 1918 г. працаваў на заводзе, у гарадской гаспадарцы. З 1919 г. – у Чырвонай арміі, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне на Заходнім фронце, дайшоў да Варшавы. Служыў у пагранічных войсках і органах УНК у Мінску. Хацеў заняцца літаратурнай творчасцю, таму звольніўся са службы.

Літаратурную дзейнасць Віталь Вольскі пачаў у 1926 г. Даследаваў народную творчасць і старажытную рукапісную літаратуру беларускіх татараў – кітабы. У розныя гады выйшлі кнігі «Праблемы беларускай савецкай драматургіі» (1934), «Эдуард Самуйлёнак: жыццё і творчасць» (1951), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму» (1958). В. Вольскі – адзін з аўтараў дапаможніка для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), падручніка для 9–10-х класаў «Беларуская савецкая літаратура» (1948–1954).

П’есы В. Вольскага, напісаныя паводле сюжэтаў беларускага фальклору, «Цудоўная дудка» (1938), «Дзед і жораў» (1939), «Несцерка» (1940), «Машэка» (1946), увашлі ў залаты фонд нацыянальнай літаратуры.

Беларускую літаратуру для дзяцей і падлеткаў узбагацілі кнігі прыродазнаўчых нарысаў і апавяданняў пісьменніка: «Па лясных сцежках» (1948), «У лясах над Бярозай» (1955), «Месяц за месяцам» (1956), «На бабровых азёрах» (1957), «Чайкі над Нараччу» (1959), «Родны край» (1961), «Афрыканскае падарожжа» (1963), «Эль Махрыб» (1965), «Старонкі нашай гісторыі» (1966), «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), «Палессе» (1971), «Кніга падарожжаў» (1971), «Лёс Дункана» (1978), «Дзень добры, Бяроза» (1984). За любоў да прыроды Віталя Вольскага называлі «беларускім Прышвіным».

Дзякуючы В. Вольскаму на беларускай мове загучалі сатырычная паэма І. В. Гёте «Рэйнеке-Ліс», раманы В. Бределя «Выпрабаванне», М. Кульбака «Зельманцы» і інш.

В. Ф. Вольскі-Зэйдэль узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», медалямі. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1971). Памёр 22 жніўня 1988 г.

 

НІА