Print
Category: Культура

У гэтым годзе сусветная супольнасць адзначае 50-годдзе міжнароднай акцыі «Дзень Зямлі» – найбуйнейшай грамадзянскай падзеі ў свеце, з якой звязана зараджэнне экалагічнага руху. Да гэтага дня прымеркаваны выставачны праект «ЭкаChallenge» дзе прадстаўлены плакаты і кнігі на экалагічную тэматыку з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Выставачны праект створаны для школьнікаў, студэнтаў, проста неабыякавых людзей, экалагічных актывістаў і спецыялістаў-адмыслоўцаў.

У апошнія дзесяцігоддзі тэма экалогіі стала найбольш актуальнай для будучыні чалавецтва. На пачатку зараджэння экалагічнага руху адказнасць за будучыню планеты ўскладалася ў асноўным на дзяржавы, аднак апошнім экалагічныя актывісты пераконваюць нас у тым, што захаваць Зямлю магчыма толькі пры ўсвядомленым удзеле кожнага чалавека.

Дзве часткі выставачнага праекта «ЭкаChallenge» – кніжная і мастацкая – наглядна дэманструюць гэтую дынаміку.

Мастацкая частка складаецца з лепшых узораў экалагічнага плаката 1970–2000 гг. Плакаты 1970-х прысвечаны разнастайным праблемам змянення навакольнага асяроддзя ў выніку імклівай індустрыялізацыі (забруджванне вадаёмаў, вырубка лясоў, бурнае развіццё прамысловасці), за якую нясуць адказнасць чыноўнікі і бюракраты. Выразна гучыць заклік “Беражыце прыроду!”, падчас якога мастакі высмейваюць ужо не толькі дзеянні чыноўніцтва і дырэктараў заводаў, але і паводзіны простых людзей.

Экалагічныя плакаты апошняга дзесяцігоддзя ўжо непасрэдна звяртаюцца да кожнага з нас з заклікам несці персанальную адказнасць за забруджванне навакольнага асяроддзя.

Кніжная частка выставы таксама падзяляецца на некалькі блокаў. Па-першае, пытанні экалогіі ўзнімаюцца ў працах заходнееўрапейскіх і амерыканскіх даследчыкаў (З. Брынкман, Л. Браўн, А. Гор і інш.) і адлюстроўваюць стаўленне сусветнай навуковай супольнасці да экалагічных катастроф, глабальнага пацяплення і рэакцыі на іх постындустрыяльнага грамадства. Па-другое, закранаюцца праблемы перспектыўных змен у галіне экалогіі, гучаць заклікі спыніць незваротныя працэсы, якія прывядуць планету да немінучай гібелі.

Асобным раздзелам выставы прадстаўлены дакументы, што вучаць чытача экалагічнаму ладу жыцця, а таксама матэрыялы для дзяцей, якія наглядна дэманструюць цыкл існавання рэчаў у сучасным свеце – ад працэсу вытворчасці да перапрацоўкі смецця. Гэтыя выданні закліканы дапамагчы новаму пакаленню сфарміраваць больш адказнае стаўленне да навакольнага асяроддзя і ўвогуле ўсяго свету.

Выстава дэманструецца ў галерэі «Атрыум» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з 29 красавіка па 20 жніўня 2020 г.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.

Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

НІА
па матэрыялах сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі