Print
Category: Культура

Вядомы кніжны праект «Беларускі кнігазбор» дапоўніўся 103-м томам. У яго ўвайшлі дзве, бадай, галоўныя кнігі ў творчасці Элізы Ажэшкі – славуты раман «Над Нёманам» і навелістычны цыкл «Gloria Victis».

Знакава, што 832-старонкавы фаліянт выпушчаны акурат у 110-годдзе памяці пісьменніцы і ў 110-годдзе выхаду яе апошняга прыжыццёвага выдання, якім стала ў 1910-м кніга «Gloria Victis», надрукаваная ў Вільні Вацлавам Макоўскім. Новая кніга ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Беларуская навука».

Нягледзячы на досыць вялікі аб’ём і ўжытае тут параўнанне з фаліянтам (гэта ад вялікай павагі), выданне мае ўсе тыя чыста «тэхнічныя» вартасці, якія вылучаюць менавіта добрую кнігу, прызначаную для чытання і перачытвання. Прынамсі, яна дакладна не з катэгорыі «юбілейнах цаглін», якія прапісваюцца на паліцах і з іх не сыходзяць. Яна з тых, што вабяць і зручна кладуцца ў рукі. І не хутка з іх вызваляюцца: гэта ўжо гарантавана і сюжэтам, і якасцю пераклада.

Нагадаем чытачам, што раман «Над Нёманам» па-беларуску раней выходзіў у 2003 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Што да «Gloria Victis», то яе выпуск можна назваць вяртаннем рарытэта. Пяць навел «Глорыі», прысвечаных падзеям 1863 года, па-беларуску праходзілі толькі праз часопісныя публікацыі і паасобку, у розныя гады. На рускую мову яны перакладаліся, але гэтыя пераклады выходзілі досыць даўно і не ўсе. Беларускаму чытачу, такім чынам, прапануецца не толькі разгарнуць кнігу Элізы Ажэшкі, але ў многім яе для сябе адкрыць.

Пераклады ўсіх твораў кнігі на беларускую мову на высокім мастацкім узроўні, з захаваннем усёй прыгажосці стылю выкананы Анатолем Іванавічам Бутэвічам.

 

Святлана Воцінава,
галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»