З 2 чэрвеня па 2 ліпеня 2020 года ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праходзіць юбілейная кніжная выстаўка «Недапісанае слова», прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Кузьмы Чорнага.

Класік беларускай літаратуры, выдатны пісьменнік-рэаліст, майстар манументальнага эпічнага жанру, адзін з заснавальнікаў сацыяльна-псіхалагічнага рамана, удумлівы і таленавіты мастак слова, «сапраўдны знаўца чалавечых душ» Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) стварыў такія вобразы, якія жывуць і сёння.

Імя пісьменніка шырока вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Пражыў ён усяго сорак чатыры гады, але за такі кароткі час стварыў раманы, аповесці, апавяданні, п’есы, якія належаць да лепшых здабыткаў беларускай прозы і драматургіі. Яго творы, глыбокія па думцы, простыя, праўдзівыя і сардэчныя, вучаць любіць свой народ, Бацькаўшчыну, паважаць простага чалавека і яго працу, шанаваць родную мову, багатыя здабыткі нацыянальнай культуры.

Усяго выстаўка налічвае больш за 250 дакументаў. Сярод прадстаўленых твораў – апавяданні «Па дарозе», «Пачуцці», «Вераснёвыя ночы», «Вялікае сэрца», «Маленькая жанчына», аповесці «Лявон Бушмар», «Люба Лук’янская», «Заўтрашні дзень», раманы «Сястра», «Зямля», «Бацькаўшчына», «Трэцяе пакаленне», «Пошукі будучыні», «Вялікі дзень», «Млечны Шлях», п’еса «Ірынка», зборнік сатырычных фельетонаў «Кат у белай манішцы», зборнік гумарыстычных твораў «Вяселле ў Скіп'ёўскім Пераброддзі», кнігі для дзяцей «Насцечка», «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» і іншыя, а таксама нарысы, публіцыстычныя артыкулы і дзённік пісьменніка.

Асобным раздзелам экспануюцца пераклады К. Чорнага з рускай, украінскай, чэшскай, грузінскай моў.

Дапаўняюць экспазіцыю манаграфіі і шматлікія артыкулы, якія раскрываюць жыццёвы і творчы шлях таленавітага празаіка. Пра яго пісалі І. Навуменка, А. Адамовіч, М. Тычына, Б. Сачанка, В. Вітка, М. Лынькоў і інш.

 

НІА
паводле сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі