9 студзеня 2020 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся вечар, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Леаніда Дайнекі.
Хочацца напісаць, што такой вечарыны яшчэ не было, але ж тады пакрыўдзяцца іншыя вечарыны, якіх у гэтых сценах прайшло нямала, і не менш годных па тэмах і датах, не менш чароўных па атмасферы, не менш вартых падобных эпітэтаў. А ўсё ж хочацца напісаць – і пішацца: такой вечарыны яшчэ не было!
Паўнюткая зала, у якой… Зноў жа можа падацца банальнасцю, але хочацца напісаць, што ў зале сабраўся бамонд – самы сапраўдны вышэйшы свет у пазітыўным яго разуменні. Што ні прозвішча – усё эліта! Вось і Сяргей Законнікаў, першы, каму дала слова вядучая Эліна Свірыдовіч, прамовіў, спыніўшыся перад публікай у захапленні: «Такая мілая зала!». Расповед яго пайшоў пра той час, у які ён і Леанід Марцінавіч вучыліся на філфаку, час, пра які сённяшняя моладзь не можа і ўвіць. А ў гэтым часе і ў гэтых умовах здараліся і жарты, і хітрыкі. Добрай рысай, якая шмат што дала Леаніду Дайнеку, была яго камунікабельнасць. Яшчэ адной яго значнай якасцю Сяргей Законнікаў назваў здольнасць здзіўляцца: тое, што па словах Мандэльштама ў паэце галоўнае, заставалася з Дайнекам да апошняга дня.
Умоўна вечар дзяліўся на часткі, ці «вымярэнні», як іх назваў другі вядучы, Андрэй Мельнікаў: мастацкае (у тым ліку і з перыядам «Маладосці», дзе Леанід Дайнека працаваў шмат гадоў), навуковае, ці літаратуразнаўчае, і лірычнае, сямейнае. Выступалі сваім парадкам згодна з гэтым яго дзяленнем калегі і сябры, даследчыкі і папулярызатары, прыхільнікі і аматары, выдаўцы і рэдактары. Пра тое, як вырастаў Леанід Дайнека са студэнта-філфакаўца не проста ў сучаснага паэта і празаіка, а ў пакліканую асобу, расказаў Генрых Далідовіч, адзначыўшы асаблівымі словамі тое, што пакліканы быў ён не толькі дзеля «аповеду пра мінулае», але і затым, каб «знайсці ў гэтым рэчы спрадвечныя».
Пра «маладосцеўскі» перыяд праз дакументы і ўспаміны распавядала Святлана Воцінава. Чым «Маладосць» – легендарны часопіс? Не працягласцю існавання, а тым, з якімі імёнамі гэтае існаванне звязана. Леанід Дайнека – важная, значная і вельмі прыгожая частка гэтай часопіснай легендарнасці. Запрошаны Васілём Зуёнкам у якасці «начальніка штаба» – так з гумарам была названа пасада адказнага сакратара, – Леанід Дайнека адпрацаваў у часопісе, паводле яго ж слоў, 227 нумароў, прычытаўшы іх «ад дошкі да дошкі».
Кастусь Цвірка прадставіў вобраз Леаніда Дайнекі праз свой погляд выдаўца, акцэнтаваўшы ўвагу не толькі на прозе, але і на паэзіі, выдатнай «ад першага зборніка і да апошняга радка». Літаратуразнаўца Анатоль Верабей закрануў адметнасці творчасці, пацвердзіўшы слушнасць параўнання ролі Дайнекі для нашай гісторыі і літаратуры – «у абуджэнні нацыянальнай свядомасці і гістарычнай памяці» – з ролямі Уладзіміра Караткевіча і Міколы Ермаловіча. Даследчыца Таццяна Лаўрык расказала пра свае знаёмствы з Леанідам Дайнекам як пісьменнікам і чалавекам: спачатку ў якасці школьніцы-пяцікласніцы, потым – аматаркі гістарычнай прозы, пазней – захопленай літаратаркі і нарэшце прафесійнай даследчыцы, якой ёсць і яшчэ будзе што сказаць, паколькі творчасць Леаніда Дайнекі патрабуе сур’ёзнага вывучэння.
Вядомы аўтар усюдыісных тэматычных крыжаванак Лявон Целеш прадставіў гісторыю сайго знаёмства з пісьменнікам і свае крыжаванкі на яго творчасць. Папулярызатар асоб пісьменнікаў Васіль Дранько-Майсюк выказаў захапленне «спадаром Леанідам Дайнекам» і падмеціў у ім не толькі ўменне пісаць цудоўныя творы, але і майстэрства стварэння дружнай, а галоўнае – нацыянальнай сям’і. «Да гэтых уменняў – стварэння нацыянальнага і ў літаратуры, і ў жыцці, далучаецца бізнес-талент, праяўлены ў 1990-я», – дадаў спадар Васіль.
Эдуард Акулін, згадваючы прамоўленыя падчас імпрэзы радкі Дайнекі пра тое, што Беларусь збудавана з беларускіх слоў, назваў іх не проста прыгожымі, а жыццёвым эстэтычным дэвізам. «Сваімі творамі Дайнека абуджаў гістарычную памяць і нацыянальны гонар беларусаў, і яго дванаццаць раманаў, – сказаў спадар Эдуард, – можна лічыць дванаццаццю апосталамі на алтары гістарычнай прозы Беларусі».
У сямейнай частцы прачула выступіла Таццяна Беланогая (Дайнека), прагучала і яе песня на словы свёкра. Гэтае слова, не вельмі мо традыцыйнае для традыцыйных рэлізаў, таксама захацелася напісаць – побач са словам «бацька». Пра Дайнеку-бацьку расказаў сын, Дзмітрый Дайнека: як пра вельмі светлага чалавека, які «вельмі любіў людзей, сям’ю, сяброў і Беларусь». Сям’я Дайнекаў падарыла музею поўны камплект выданняў пісьменніка і фотаздымкі.
Завяршаючы вечарыну, вядучы Андрэй Мельнікаў прачытаў верш, радок з якога стаў яе назвай: «Неба не дасць памерці…». Яго тут таксама хочацца напісаць:
А неба – радзіма зорак,
А неба – радзіма дажджоў.
Пад’ём, за узгоркам узгорак,
З нас кожны да неба ішоў.
Слязамі свой шлях не мерце,
Не верце сляпой варажбе,
Неба не дасць памерці
Возьме ўсіх да сябе.
А ў самым канцы гучаў голас Леаніда Дайнекі – гучаў, паводле слоў аднаго вельмі цёплага ўспаміну, «басавіты тэмбр рудога волата».
Святлана Воцінава,
«Маладосць»