На нястомнай культурнай пляцоўцы Мінска – у музеі гісторыі беларускай літаратуры – 23 кастрычніка 2019 года прайшла чарговая творчая сустрэча ў межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» (прысвечанага, нагадаем, будучаму 100-годдзю літаб’яднання «Маладняк» і арганізаванага Нацыянальнай бібліятэкай, музеем гісторыі беларускай літаратуры, архівам-музеем літаратуры і мастацтва і часопісам «Маладосць»), яна ж – чарговае прысвячэнне 120-годдзю Адама Бабарэкі і чарговая адкрытая лекцыя з ліку тых, што ўсё часцей прапануюцца інтэлектуальнай грамадскасці нашай сталіцы і з вялікай ахвотай ёю прымаюцца.

Трэба дадаць, што не апошняе гэта мерапрыемства нават у межах святкавання юбілею Бабарэкі: яшчэ адна адкрытая лекцыя пройдзе 30 кастрычніка на той жа пляцоўцы. Аўтар гэтай і наступнай – Віктар Жыбуль, архівіст, даследчык, укладальнік двухтамовага Збору твораў пісьменніка і крытыка.

«Крытык на першым месцы», – сказаў ён у самым пачатку лекцыі. А ў якасці «матэрыяльнага» доказу прадэманстраваў абодва тамы – тоўсты першы, з літаратурна-крытычнымі працамі, і добра танчэйшы другі, у які ўвайшло «ўсё астатняе». Нельга не адзначыць, што лекцыю ўжо ад гэтага эпізоду і далей, да самага яе завяршэння досыць часта прасякаў добры гумар. Спадарожнік усялякага па-сапраўднаму вартага дзейства, прыналежнасць кожнага прамоўцы, упэўненага ў сваёй кампетэнтнасці, ён прабіваўся і з радкоў самога Бабарэкі, якія даволі працяглымі порцыямі цытаваліся (і вельмі добра, што так), і скрозь сур’ёзны, грунтоўны, аналітычны расповед, што прымушала не толькі ўсміхацца, але і смяяцца, пры гэтым ні на градус не зніжаючы вартасці лекцыі, а толькі робячы яе яшчэ больш жывой – хоць і без таго яна не была б сумнай.

Факты з жыцця, эпізоды ранняй і спелай творчасці – апавяданняў, вершаў, артыкулаў, канстатацыі наватарства ў крытыцы і параўнанне Бабарэкі з Бялінскім на фоне нашых 1920-х з іх рухам беларусізацыі, згадкі пра спалучэнне ў тэкстах філасофіі і літаратуразнаўства, прозы і філасофіі, «нават прозы і літаратуразнаўства» («Адзін з тэкстаў-разваг пра Язэпа Пушчу пабудаваны ў Бабарэкі як казка, у алегорыях»), пра тое, як у творчасці Бабарэкі адбілася «імкненне літаратараў яго часу стылізаваць адзін літаратурны жанр пад іншы» («асабліва жанр паслання, калі празаічны або вершаваны твор пісаўся як ліст да кагосьці»), пра самаіронію ў сачыненнях Бабарэкі-крытыка (праяўленую часам таксама праз стылізацыю, якой зачытваўся лектар і заслухвалася аудыторыя), меркаванні накот таго і гэтага, дэманстрацыя «рукі» Бабарэкі ў нататніках і рукапісе «Супраць ветру», прагляд фотаздымкаў сяброў і паплечнікаў Бабарэкі («і адначасова герояў яго літаратурна-крытычных прац») з падрабязнымі тлумачэннямі, хто зняты, калі і пры якіх акалічнасцях і чаму, напрыклад, Тодар Кляшторны ўвесь час выглядае незадаволеным («успаміналі, што ён ніколі не ўсміхаўся, глядзеў кудысьці скрозь усіх»), а Максім Лужанін на кожным здымку як Маякоўскі («а ён пэўны час імкнуўся быць падобным да Маякоўскага і ў творчасці, і вонкава, і не толькі стрыжку такую рабіў, але і ў кадр стараўся трапіць у ракурсе, падобным на той, што на здымку Маякоўскага працы Родчанкі»)...

Да жывасці і дасціпнасці, якімі чытач гэтай зацемкі, не прысутны на лекцыі, ужо, трэба думаць, паспеў натхніцца, каб старацца трапіць хаця б на наступную, варта далучыць яшчэ і такую ўхвальную для лекцый акалічнасць як інфармацыйная лабільнасць – калі аўдыторыя можа запраста на змест наступных лекцый уплываць сваімі пытаннямі і пажаданнямі. Іншымі словамі, застаецца толькі падзякаваць Віктару Жыбулю і працягваць сачыць за раскладам мерапрыемстваў праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» ды кожны раз планаваць наведаць іх у музеі гісторыі беларускай літаратуры.

 

P.S. Дарэчы, на гэтыя мерапрыемствы студэнцкая моладзь прыходзіць амаль заўсёды, што сведчыць пра многае тое добрае, што чакае літаратурны працэс і ўсіх нас.

 

Святлана Воцінава,
галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»