Штогод у першую нядзелю верасня ў Беларусі ладзіцца Дзень беларускага пісьменства – урачыстасць у гонар слынных асветнікаў, дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў, якія заклалі падмурак беларускай адукацыі і пісьменства.

Упершыню свята адзначылі ў 1994 годзе ў старажытным горадзе Полацку. Затым сталіцамі ўрачыстасці сталі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Шчучын, Рагачоў.

Сёлета юбілейныя 25 святкаванні Дня беларускага пісьменства пройдуць 2 верасня  ў горадзе Іванава, што ў Брэсцкай вобласці, у кантэксце тэматыкі «Мая малая радзіма».

За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта – тэматычныя лекцыі і семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі.

Ужо па традыцыі ў святкаванні прымуць удзел вышэйшыя афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі міністэрстваў, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, замежныя дэлегацыі.

Праграмай свята прадугледжана шмат мерапрыемстваў, сярод якіх урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі; міжнародны круглы стол з  удзелам беларускіх і замежных літаратараў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго»; навукова-практычная канферэнцыя «Іванаўскія чытанні»; фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», Фестываль кнігі і прэсы і інш.

2 верасня жыхары і госці Іванава змогуць прыняць удзел у адкрыцці памятнага знака, прысвечанага юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. У кампазіцыі знака выкарыстаны сонечны гадзіннік, цэнтральным элементам з’яўляецца замацаванае ў мармуровай чашы пяро – сімвал рукапісаў, ад якіх бяруць пачатак друкаваныя тэксты. Да знаку прыставяць камяні, на якіх выгравіруюць даты і назвы гарадоў – сталіц свята. На галоўным пастаменце будзе красавацца запіс аб юбілейным форуме ў Іванава.

 

НІА
па матэрыялах сайта
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь