Так сталася, што, нягледзячы на ўсё багацце беларускай літаратуры  XIX стагоддзя, у свядомасці сучаснага чытача яна па-ранейшаму застаецца нечым ірэальным – фантомам з далёкага мінулага. Чаму так сталася – невядома. Ці то з часоў сацыялізму ў нас засталося падазронае стаўленне да шляхетнай культуры, ці то проста сузор’е класікаў з наступнай эпохі засланяе ўсе намаганні тых, чые творчыя дасягненні ляглі ў падмурак нашай новай літаратуры. За выпраўленне гэтай відавочнай несправядлівасці і ўзяліся ўдзельнікі конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», вынікі якога былі падведзены на ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе.

Увогуле ж, акалічнасці гэтага вяртання імёнаў паставілі шэраг пытанняў, галоўнае з якіх: хто да каго вярнуўся – пісьменнікі XIX стагоддзя да чытача ці ўсё ж наадварот? У кожнага з канкурсантаў быў свой адказ, таму мадэратару сустрэчы (а па сумяшчальніцтве аўтару ідэі і члену журы)  дацэнту кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Ігару Запрудскаму ўвесь час прыходзілася нагадваць выступоўцам пра рэгламент – выказацца хацелі ўсе, але часу, як заўсёды, не хапала.

Напачатку сустрэчы гучалі цёплыя прывітальныя словы. Намеснік дэкана па навуковай рабоце філалагічнага факультэта БДУ Павел Навойчык адзначыў, што лаўрэаты конкурсу ўшанавалі сваёй творчасцю памяць тых, хто, у сваю чаргу, ушаноўваў гістарычную памяць і духоўную культуру нашага народа. Але пры гэтым канкурсанты пазбеглі залішняга пафасу і апісалі жывых людзей, а не помнікі.

Падзякі арганізатарам, журы і ўдзельнікам конкурсу выказаў дырэктар – галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў, які канстатаваў знакавасць «РэANIMAцыі» і выказаў спадзяванне, што гэты поспех будзе для ўсіх яго ўдзельнікаў не апошнім на гэтым шляху.

Ад імя інфармацыйнага партнёра конкурсу Нацыянальнага інстытута адукацыі выступіла начальнік упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Гульнара Юсцінская. Вопыт «Слаўнай кампаніі» можна лічыць паказальным, таму ў далейшым НІА за радасцю прадаставіць свой партал для лепшых творчых праектаў.

Доктар філалагічных навук, загадчык сектара Цэнтра даследаванняў беларускай мовы, культуры і літаратуры НАН Беларусі Ганна Кісліцына не магла не закрануць метадалагічных пытанняў. Сёння ў літаратуразнаўстве вельмі распаўдсюжаны так званы «біяграфічны метад», калі творчасць таго ці іншага пісьменніка даследуецца скрозь прызму фактаў яго жыцця. Такі падыход, на думку даследчыцы, можна лічыць спрошчаным, бо мы не ведаем, як нараджаецца твор і як высякаецца натхненне. Тым не менш, Ганна Мікалаеўна выказала надзею на тое, што конкурс выклікае цікавасць да біяграфічнай літаратуры.

Для члена журы Ірыны Багдановіч важным стала тое, што героі твораў канкурсантаў сыходзяць з сухіх старонак школьных падручнікаў і праз асэнсаванне і свядомасць моладзі прыходзяць у наша XXI стагоддзе. Яны зноў жывуць недзе побач, а іх лёсы і прыклады служэння сваёй культуры дапапогуць нам смела ісці ў будучыню.

У адрозненні ад іншых членаў журы, Ірыне Шаўляковай прыйшлося ацэньваць творы «рэаніматараў» за мяжой – у Кітаі. Аднак, па яе словах, адлегласць была далёка не галоўнай праблемай. Тэксты канкурсантаў немагчыма было прачытаць «па дыяганалі», бо часам гэтыя даследчыя трылеры зацягвалі ў свой сюжэтны вір мацней, чым некаторыя творы сучаснай айчыннай літаратуры. Смела можна сказаць, што галоўная мэта конкурсу – прыцягнуць увагу да біяграфістыкі – дасягнута. 

***

Ацэньваючы творчасць пісьменнікаў, мы мала задумваемся над тым, што яны адчувалі ў працэсе напісання сваіх твораў, аб чым разважалі ў моманты натхняльнай буры ці творчага штылю, як часта ім хацелася скамячыць аркуш са сваімі думкамі і кінуць яго ў сметніцу і што прымушала іх усё ж апусціць руку з камяком спісанай паперы? Падаецца, што прынамсі ў дачыненні да сваіх літаратурных пратэжэ, канкурсанты ўсё ж змаглі знайсці адказы на гэтыя не самыя лёгкія пытанні. Але якія эмоцыі «Слаўная кампанія» пакінула ў саміх лаўрэатаў? Ім слова.

Маргарыта Латышкевіч:

– Усё лета я збірала матэрыялы пра Яна Баршчэўскага і бліжэй да дэдлайна з болем і эмацыйнай напружанасцю ўсё ж напісала тэкст. Хачу сказаць, што такі вопыт не праходзіць бессвядома ўнутры. Яшчэ адным вынікам маіх пражыванняў стаў прысвечаны Баршчэўскаму верш. Гэта сваеасаблівае рэха ад асэнсавання яго біяграфіі.

Надзея Скрыпнік:

– Так сталася, што з Уладзіславам Сыракомлем звязаны ўвесь мой лёс. Гэта, можна сказаць, мой крыж. Яшчэ падчас вучобы ў педагагічным універсітэце я выцягнула на экзамене білет пра творчасць Сыракомлі, і мой выкладчык сказаў, што калі не раскажу пра свайго славутага зямляка, то пайду на пераздачу. Расказала. Пасля прыехала працаваць у Смольгава – месца, дзе нарадзіўся Сыракомля. Там мы стварылі яго музей. Увогуле я спачатку хацела напісаць пра рок-канцэрт, бо ўсе нашыя пісьменнікі, як сапраўдныя бунтары, сёння былі б рок-музыкамі. Але сябар адгаварыў ад гэтай ідэі. Тым не менш, спадзяюся, што калі-небудзь рэалізую гэтую задумку. Яна жыве ў сэрцы, і ад гэтага не пазбавіцца.

Аліна Агрэніч:

– Я пісала не столькі пра самога Францішка Багушэвіча, колькі пра тыя акалічнасці, якія маглі мець месца пасля яго смерці. Мне ўвогуле хацелася не проста расказаць нейкую інфармацыю, а зацікавіць чытача і паказаць, што Багушэвіч жывей за ўсіх жывых.

Таццяна Кохан:

– Мне хацелася па-магчымасці больш поўна асвятліць жыццё Яна Чачота, і, магчыма, гэта атрымалася. Хачу падзякаваць арганізатарам і ўсім удзельнікам конкурсу. Усе мы пераможцы, бо нашыя творы будуць апублікаваныя і, спадзяюся, выклікаюць пэўны рэзананс. Мы сапраўды рэанімавалі імёны нашых пісьменнікаў XIX стагоддзя і паспрабавалі данесці да сённяшняга чытача нашу тагачасную культуру.

Цімур Буйко:

– Дзякуй за магчымасць выказаць любоў да беларускай культуры і літаратуры. Для свайго твора я выбраў постаць Пранціша Вуля. Пра яго мала што вядома, і тым цікавей было працаваць над біяграфіяй. Пісалася часам лёгка, часам цяжка, але кожны раз – з бязмерным задавальненнем.

Уладзімір Мужылоўскі:

– Я вельмі здзіўлены, што атрымаў узнагароду, паколькі пісаў у большай ступені правакацыйны твор, чым дакументальна-біяграфічны. Там дазволіў сабе некаторыя вольныя трактоўкі жыцця свайго героя – Пранціша Вуля. Прачытаўшы прозвішчы з прапанаванага арганізатарамі конкурсу спісу пісьменнікаў, я вырашыў, што буду пісаць менавіта пра Вуля, бо пра яго амаль нічога невядома. У сваім творы я імкнуўся паказаць, што роднае слова робіць чыстай душу, а чыстая душа робіць кожнага з нас чалавекам.

Таццяна Кіявіцкая:

– Пісаць пра Вікенція Равінскага было складана і адначасова цікава. Галоўнай праблемай пры напісанні твора быў страшэнны недахоп часу. Пісалася ўрыўкамі – калі з’яўляліся вольныя 15 хвілін. Таму не дзіва, што падзагаловак майго тэксту мае назву «Фрагменты жыцця аднаго аўтара». Асноўныя факты я ўзяла з кнігі Генадзя Кісялёва, таму можна сказаць, што асноўную працу зрабіў ён. Менавіта каб аддзячыць яму я і ўвяла ў свой твор героя Генадзя Кісялёва.

Глеб Ганчароў:

– З дзяцінства лёс Янкі Лучыны выклікаў у мяне зацікаўленасць праз нейкую таямнічасць, недагаворанасць яго біяграфіі. Падчас працы над тэкстам упэўніўся, што калі буду апісваць агульнавядомыя факты, то іх набярэцца максімум на 2–3 старонкі. З гэтага цяжка было выцягнуць нешта сапраўды поўнае, але цягам часу я ўсё ж здолеў напісаць гэты твор. Шмат якія цікавосткі не ўвайшлі ў яго з-за абмежаванасці па аб’ёме, але зараз магу ўжо афіцыйна сказаць, што паміж мной і Тэатрам юнага гледача падпісана дамова на напісанне  п’есы пра Янку Лучыну, і ўсё, што не было сказана ў творы, будзе пастаўлена на сцэне.

Міхаліна Бурвіна:

– Мне было цяжка пісаць пра Элізу Ажэшку. Па-першае, яна пакінула пасля сябе вялікую колькасць лістоў, на дасканалае вывучэнне і апрацоўку якіх можна патраціць не адзін год жыцця. А па-другое, гэта была мая першая спроба напісання такога твора.  Тым не менш, я пастаралася зрузумець сваю гераіню як чалавека. Дзякуй арганізатарам і ўсім, хто ўзяўся за гэтую справу.

Ягор Конеў:

– Я вельмі ўдзячны арганізатарам за ідэю конкурсу. Было б добра, каб ён увогуле стаў традыцыяй. Што датычыцца непасрэдна майго твора, то я ўзяў на сябе смеласць напісаць пра беларускага дудара – Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Ён быў заснавальнікам беларускага тэатра, таму для свайго тэксту я абраў форму аповесці ў дыялогах. З аднаго боку, Дунін-Марцінкевіч аўтар вядомы, а з іншага – невядомы зусім. Мне падаецца, што сёння можна правесці шмат паралеляў з яго часам, і гэта безумоўна надае актуальнасць яго творчай спадчыне.

 

***

Вынікам конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя» стане зборнік лепшых твораў, які выйдзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар якога Віктар Шніп адзначыў карысць конкурсу як для развіцця сучаснай літаратуры, так і для захавання беларускай культуры. Галоўнае ж дасягненне «РэANIMAцыі», што разам з вяртаннем забытых імёнаў нашых творцаў яна дазваляе адкрываць новыя.

 

Кірыл Мяцеліца, “М”