Вышэйшая адукацыя на Беларусі мае вытокі ў найстаражытнейшым Полацку. Менавіта тут у 1812 годзе з’явілася першая вышэйшая навучальная ўстанова са статусам універсітэта – Полацкая езуіцкая акадэмія. Па загаду расійскага імператара Аляксандра І у акадэмію быў рэарганізаваны Полацкі езуіцкі калегіум. Гэтая сярэдняя навучальная ўстанова была створана яшчэ ў 1580 годзе з дазволу караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя.

Урачыстае адкрыццё Полацкай езуіцкай акадэміі адбылося 15 чэрвеня 1812 года. Пачалі працаваць тры факультэты. На факультэце моў вывучалі рускую, французскую, нямецкую, лацінскую, грэчаскую, яўрэйскую мовы. На факультэце свабодных мастацтваў выкладалі паэзію, рыторыку, філасофію, логіку і метафізіку, фізіку, хімію, матэматыку, архітэктуру, права і гісторыю. Факультэт багаслоўя рыхтаваў студэнтаў па розных навуках, якія тычацца веры. Для малазабяспечаных навучэнцаў меўся інтэрнат.

Пры калегіуме і акадэміі працавалі бібліятэка і друкарня. Бібліятэчны фонд быў надзвычай багатым і налічваў больш за 50 тысяч тамоў. А друкарня з 1787 па 1820 год выдала каля 500 кніг. Славілася акадэмія і музеем з калекцыямі зброі, твораў жывапісу, графікі, геалагічных і заалагічных экспанатаў, розных механізмаў і прыбораў. Таксама былі астранамічная зала з унікальным васьміфутавым тэлескопам, фізічны і механічны кабінеты з рэдкім абсталяваннем, створаным выкладчыкамі акадэміі, хімічная лабараторыя, мінералагічны кабінет. У акадэміі выдаваўся і першы ў Беларусі літаратурна-навуковы часопіс «Месячнік Полацкі».

Полацкая езуіцкая акадэмія працавала да 1820 года. Пасля ў яе карпусах размяшчалася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча, затым Полацкі кадэцкі корпус. Зараз у адрэстаўраваных будынках навучаюцца студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта і факультэта інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1836 годзе ў мястэчку Горы-Горкі Аршанскага ўезда Магілёўскай губерніі была заснавана яшчэ адна вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі (спачатку як земляробчая школа). Яе адкрыццё адбылося 15 (27) жніўня 1840 года. Навучальная ўстанова мела два разрады: 1 (ніжэйшы) і 2 (вышэйшы). У 1842 годзе вышэйшы разрад рэарганізаваны ў Вышэйшую сельскагаспадарчую школу. У 1848 годзе ніжэйшы разрад пераўтвораны ў земляробчае вучылішча, а Вышэйшая сельскагаспадарчая школа – у Горыгорацкі земляробчы інстытут. Гэта была першая не толькі ў Беларусі і Расіі, але і ў Еўропе вышэйшая сельскагаспадарчая вучэбная ўстанова са статусам універсітэта.

Земляробчы Інстытут існаваў у Горках да 1863 года, пакуль яго не перанеслі ў Санкт-Пецярбург, і быў зноў адноўлены ў 1919 годзе. Праз шэсць гадоў гэта вышэйшая навучальная ўстанова стала Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй (зараз Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія).

Першы класічны ўніверсітэт з’явіўся ў Беларусі ў 1921 годзе. Зараз Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – гэта вядучая вышэйшая навучальная ўстанова краіны, якая складаецца з 26 факультэтаў і адукацыйных устаноў, 10 навукова-даследчых інстытутаў і дзе навучаюцца больш за 30 тысяч студэнтаў і магістрантаў, працуюць больш за 3 тысячы выкладчыкаў.

Па даных Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, зараз у Беларусі 51 вышэйшая навучальная ўстанова: 42 дзяржаўныя і 8 прыватных. Гэта акадэміі, універсітэты і інстытуты, якія размяшчаюцца ў сталіцы і ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў раённых гарадах – Полацк, Горкі, Баранавічы, Пінск і Мазыр. Навучаюцца там больш за 360 тысяч студэнтаў.

 

НІА