5 снежня 2018 года завяршыўся прыём заявак і творчых работ да ўдзелу ў адкрытым праекце «Віртуальная фотазамалёўка „Мая родная вуліца“». Мерапрыемства праводзілася ў рамках Года малой радзімы і было накіравана на стварэнне ўмоў для захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны розных рэгіёнаў Беларусі.

У ліку асноўных задач правядзення праекта – знаёмства ўсіх зацікаўленых з унікальнымі традыцыямі і спадчынай розных рэгіёнаў Беларусі, хараством і маляўнічай вытанчанасцю прыроды роднага краю, захапляльнай непаўторнасцю мастацкасці будынкаў і архітэктуры розных куткоў Беларусі, а таксама падтрымка творчых ініцыятыў, спрыянне развіццю інфармацыйнай культуры ўдзельнікаў праекта.

Інфармацыйна-метадычную і тэхніка-тэхналагічную падтрымку мерапрыемства ажыццяўляла ўпраўленне дыстанцыйных адукацыйных паслуг Адукацыйнага цэнтра.

Праект праводзіўся з красавіка 2018 года. Было даслана звыш 200 творчых работ удзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія прадставілі гісторыка-культурную спадчыну свайго роднага кутка, мясцовасці, як унікальны феномен «жывой гісторыі».

Удзельнікам трэба было выканаць творчую работу – фотазамалёўку – серыю фатаграфій, якія б у адвольнай мастацкай форме распавядалі пра родную вуліцу і былі выкананы ў інфармацыйна-пазнавальным або лірычным жанрах. Акрамя таго, да здымкаў неабходна было напісаць кароткія тэкставыя каментарыі.

Дасланыя творчыя работы, якія адпавядалі акрэсленым патрабаванням Палажэння аб правядзенні адкрытага праекта, размяшчаліся на нацыянальным адукацыйным партале (http://adu.by) у раздзеле «Мая родная вуліца».

Нягледзячы на тое, што мерапрыемства не прадугледжвала вылучэнне пераможцаў, па рашэнню аргкамітэта было сфарміраванае журы, якое адабрала лепшыя творчыя работы:

  • «Мястэчка Нягневічы», аўтар Война Вольга Мікалаеўна, настаўнік-дэфектолаг ДУА «Нягневічскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці» Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці;
  • «Мая родная вуліца – вуліца Бардзілоўскага ў агр. Аздзяцічы Барысаўскага раёна», аўтар Галоўчанка Аляксандр Аляксандравіч, вучань 4 класа ДУА «Аздзяціцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа»;
  • «Вуліца Максіма Багдановіча ў родным Слуцку», аўтары: Каменеў Міхаіл Валер’евіч, Сяменчык Кацярына Міхайлаўна ( г. Слуцк Мінскай вобласці);
  • «Лукомльская вандроўка», аўтар Кручок Вікторыя Віктараўна, вучаніца 4 класа ДУА «Лукомльская дзіцячы сад – пачатковая школа Чашнікскага раёна»;
  • «Маёй радзімы любая часцінка…», аўтар Мілаш Дар’я Аляксандраўна, вучаніца 10 класа ДУА «Свірскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа» Мядзельскага раёна Мінскай вобласці;
  • «Вуліца Міра ў в. Кашара», аўтар Сідарэнка Дзмітрый Вітальевіч (в. Кашара Рагачоўскага раёна Гомельская вобласці);
  • «Гэта гучная вуліца Надрэчная», аўтар Скрынікава Кацярына Алегаўна, педагог-арганізатар ДУА «Сярэдняя школа № 8 г. Слуцка» Мінскай вобласці;
  • «Завулак Клумава напоўнены фарбамі і жыццём», аўтар Трайнін Мацвей Дзмітрыевіч, вучань 8 «Б» класа ДУА «Сярэдняя школа № 87 г. Мінска»;
  • «Мой родны Куль, як ты мне мілы», аўтар Філіповіч Марыя Аляксандраўна, вучаніца 9 класа ДУА «Сямёнавіцкая базавая школа» Уздзенскага раёна Мінскай вобласці;
  • «Парк „Чатырох стыхій“ г. Салігорска», аўтар Чачуха Ірына Аляксееўна, вучаніца 4 «А» класа ДУА «Гімназія № 3 г. Салігорска».

Акрамя таго, за цікавасць да мерапрыемства аркамітэт праекта падзякаваў Пікулік Алене Аркадзьеўне, педагогу дадатковай адукацыі, кіраўніку аб'яднання па інтарэсах «Даследчыкі роднага краю» ДУА «Аснежыцкая сярэдняя школа» Пінскага раёна, якая разам з вучнямі падрыхтавала 18 творчых работ, і Волкавай Вользе Канстанцінаўне, настаўніцы ДУА «Сярэдняя школа № 67 г. Мінска», якая натхніла сваіх вучняў і даслала 6 фотазамалёвак.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання аўтараў лепшых работ адкрытага праекта «Віртуальная фотазамалёўка „Мая родная вуліца“» адбылася 19 снежня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Гюльнара Мансураўна Юсцінская, начальнік упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі шчыра падзякавала ўдзельнікам за цікавасць да праекта і ўручыла дыпломы і падарункі.

Акрамя таго, прысутныя наведалі XXII Рэспубліканскую выставу дэкаратыўна-прыкладнай творчасці навучэнцаў, якая гэтымі днямі праходзіць у вялікай выставачнай зале Цэнтра. Тут прадстаўлены індывідуальныя і калектыўныя творчыя работы юных талентаў з усіх куткоў краіны, выкананыя ў розных відах і тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці: выцінанка, саломапластыка, мастацкі роспіс, кераміка, вышыўка, ткацтва, габелен, аўтарскія лялькі, мяккая цацка; сюжэтныя кампазіцыі і арт-аб'екты на калядную тэматыку і па матывах навагодніх казак, ёлачныя цацкі, навагоднія касцюмы, сувеніры і падарункі да Новага года з розных матэрыялаў.

Усе ўдзельнікі адкрытага праекта «Віртуальная фотазамалёўка „Мая родная вуліца“» атрымалі электронныя сертыфікаты. З творчымі работамі можна азнаёміцца тут.

Віртуальны фотаальбом «Урачыстая цырымонія ўзнагароджання аўтараў лепшых работ адкрытага праекта „Віртуальная фотазамалёўка „Мая родная вуліца“» можна паглядзець тут, а таксама на старонках нацыянальнага адукацыйнага партала ў сацыяльных сетках Facebook, «ВКонтакте».

Упраўленне дыстанцыйных адукацыйных паслуг
Адукацыйнага цэнтра НІА