Праект

13 кастрычніка 2016 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Рэспубліканскі форум «Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання», арганізатарамі якога выступілі Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом „Звязда“», Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», Установа «Рэдакцыя газеты „Настаўніцкая газета“». Удзельнікамі мерапрыемства сталі пісьменнікі і педагогі, выдаўцы і навукоўцы, супрацоўнікі бібліятэк і спецыялісты сістэмы адукацыі, студэнты і школьнікі.

Інавацыйны паводле шляхоў і сродкаў рэалізацыі праект «КнігаСвет» скіраваны на стварэнне ўмоў для шматвектарнага развіцця культуры чытання беларускага грамадства, інтэнсіфікацыю працэсаў, звязаных з выхаваннем кампетэнтнага, кваліфікаванага чытача на працягу ўсяго жыцця, а таксама на фарміраванне асяроддзя, арыентаванага на актыўнае ўзаемадзеянне ўсіх, хто зацікаўлены ў росце прэстыжнасці літаратуры і чытання як нацыянальнай культурнай каштоўнасці (чытачоў розных узростаў, літаратараў, выдаўцоў, бібліятэкараў, педагогаў, навучэнцаў і інш.).

Праблематыка мерапрыемства адлюстроўвала комплексны характар задач, звязаных з выпрацоўкай і рэалізацыяй нацыянальнай стратэгіі падтрымкі чытання. Праблемнае поле форуму ўключала шэраг востра актуальных пазіцый, у ліку якіх:

  • забеспячэнне ўстойлівага развіцця сацыякультурнай прасторы чытання: вызначэнне аптымальнай інфраструктуры, суадносіны інстытуцыянальных і нефармальных кампанентаў; сістэма эфектыўнага ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых, інфармацыйны абмен паміж сегментамі прасторы; роля і магчымасці сучасных бібліятэк у папулярызацыі чытання і развіцці чытацкай культуры на рэспубліканскім, рэгіянальным, лакальным узроўнях; уплыў сродкаў масавай інфармацыі на фарміраванне ў грамадстве каштоўнаснага стаўлення да чытання і кніжнай культуры;
  • культура чытання як педагагічная праблема: фарміраванне чытацкай культуры ў сістэме неперарыўнай літаратурнай адукацыі; змест і арганізацыя навучання літаратуры ў школе; сучасная літаратура Беларусі як сродак выхавання кампетэнтнага чытача і г. д.;
  • «Аўтар – Твор – Чытач»: сучасная мастацкая літаратура як аб’ект чытацкага ўспрымання; сацыялагічны партрэт беларускага чытача; медыявобраз беларускага сучаснага літаратара; роля літаратурна-мастацкіх выданняў у сучаснай культурна-адукацыйнай прасторы і інш.;
  • праблемы і перспектывы развіцця беларускага кнігавыдання: кніга як матэрыяльны аб’ект і культурны феномен; сучасныя фарматы кніжных выданняў; паняцце «якаснай кнігі» ў сучасным кнігавыданні; феномен «шырокай/масавай чытацкай аўдыторыі» ў святле тэндэнцый развіцця беларускага кнігавыдання; шлях кнігі да сучаснага чытача; ініцыятывы па падтрымцы чытання выдаўцамі Рэспублікі Беларусь;
  • найноўшыя ІКТ і інтэрнэт-рэсурсы як эфектыўныя інструменты інавацыйнага развіцця сацыякультурнай прасторы чытання.

 

Па выніках працы на пленарным пасяджэнні, у межах секцый, майстар-класаў і круглага стала ўдзельнікамі і гасцямі форуму быў сфармуляваны шэраг прапаноў:

  1. Улічваючы актуальнасць праблематыкі мерапрыемства, а таксама рост цікавасці да абмеркавання адпаведных пытанняў, праводзіць форум на пастаяннай аснове не радзей за адзін раз на два гады.
  2. Пашырыць кола ўдзельнікаў і гасцей форуму за кошт запрашэння зацікаўленых асоб з іншых краін: педагогаў, выдаўцоў, бібліятэкараў, супрацоўнікаў музеяў, журналістаў, міжнародных экспертаў у сферы кнігагандлю і г. д.
  3. Больш шырока далучаць да абмеркавання праблемнага поля форуму падлеткаў і моладзь праз арганізацыю ў межах мерапрыемства творчых сустрэч, майстар-класаў, аўтограф-сесій, арыентаваных менавіта на юнага чытача.
  4. Разгледзець магчымасць пашырэння практыка-арыентаванай часткі мерапрыемства праз правядзенне большай колькасці майстар-класаў, творчых лабараторый, трэнінгаў для азнаямлення ўдзельнікаў форуму з найноўшым вопытам развіцця нацыянальнай прасторы чытання.
  5. Арганізаваць у межах форуму асобную секцыю для абмеркавання праблематыкі, звязанай з дзейнасцю:
  • бібліятэк (стварэнне, захаванне і выкарыстанне бібліятэчна-інфармацыйных рэсурсаў; развіццё прафесійна-адукацыйнага і навуковага патэнцыялу бібліятэчнай супольнасці; збалансаванасць працы з друкаванымі і электроннымі рэсурсамі і г. д.);
  • музеяў (роля літаратурных музеяў у выхаванні дзяцей і моладзі, развіцці творчага патэнцыялу розных катэгорый насельніцтва, гарманізацыі грамадства ў шырокім кантэксце культурнай спадчыны; актуальныя і новыя метады працы музеяў і экспанавання літаратурнай спадчыны; вопыт работы музеяў у гэтых накірунках у розных краінах і г. д.).
  1. Пашырыць фармат кніжнай выставы, якая праводзіцца ў межах форуму, за кошт:
  • прадстаўлення выданняў, арыентаваных на розныя фарматы чытання;
  • правядзення прэзентацый адукацыйных, выдавецкіх, медыйных праектаў, звернутых да праблем чытання;
  • арганізацыі сустрэч з беларускімі і замежнымі літаратарамі;
  • стварэння тэматычных экспазіцый, прысвечаных знакавым для нацыянальнай прасторы чытання падзеям, асобам, з’явам.