Гэта «постнавагодняя» сустрэча ў межах ініцыятывы «„Маладосць“ & „Маладосць“» (праекта аднайменных часопіса і кнігарні ААТ «Белкніга») стала не толькі пэўнай справаздачай за 2018 год, але і своеасаблівым мастком у шчаслівую літаратурную (будзем аптымістамі) будучыню. Як мінімум на бліжэйшыя 12 месяцаў. Карацей, усе кураняты былі падлічаны, сланы раздадзены, а планы (вядома ж, напалеонаўскія) складзены.

Мадэратар і галоўны натхняльнік сустрэчы Дзмітрый Шулюк адзначыў, што 2018 год прайшоў для «Маладосці» пад сцягам разбурэння літаратурнай сцяны паміж аўтарам і чытачом (у тым ліку і пры дапамозе праекта «„Маладосць“ & „Маладосць“»). І цалкам магчыма, што ўжо ў 2019-м мы даведаемся, наколькі паспяховымі былі гэтыя радыкальныя спробы наладжвання камунікацыі.

Актыўнай удзельніцай гэтага «руху насустрач» стала паэтэса і перакладчыца Ганна Комар, якая прачытала свае цёплыя вершы і шчамлівыя пераклады, а таксама распавяла пра асабістыя вынікі мінулага года. Сярод галоўных падзей – выхад кнігі Ганны ў Лондане.

Дарэчы, у некаторым сэнсе можна сказаць, што сваю кнігу ў 2018 годзе выпусціла і «Маладосць». Гаворка ідзе пра прысвечаны 65-годдзю часопіса святочны нумар (№ 4), які дзякуючы высілкам рэдактараў ператварыўся ў сапраўдны летапіс «маладосцеўскай» гісторыі. Падрабязна пра гэта расказала Святлана Курганава.

Між тым, нягледзячы на шанаванне традыцый і (не трэба забываць пра гэта) у поўнай адпаведнасці са сваёй назвай, «Маладосць» імкнецца шукаць новыя імёны, дзёрзкія думкі і вострыя языкі. Аднак для гэтага неабходна было падрыхтаваць глебу – заняцца дэканструкцыяй нашай і сусветнай класікі. Менавіта гэтаму і прысвяціла ўвесь мінулы год Марына Яромка – аўтар і стваральнік рубрыкі «Міжкніжжа», якая стала ўнікальнай з’явай для нашай літаратурнай прасторы.

Калі ж гаварыць пра год 2019-ы, то неабходна адзначыць, што ўсіх чытачоў «Маладосці» (дый увогуле аматараў літаратуры) чакае прыемны сюрпрыз – паэтэса Кацярына Масэ анансавала сваю калонку «Код паэзіі», у якой будзе па костках разбіраць свет паэтычных сімвалаў, знакаў і таямніц.

Скончылася ж імпрэза ўжо традыцыйным выступам музыкантаў. На гэты раз гасцей сустрэчы парадваў гурт «Няміга».

Наступная літаратурная серада  адбудзецца праз два тыдні ў той жа самы час, на тым жа самым месцы (вул. Багдановіча, 68 у 16:00).

 

Рэдакцыя часопіса «Маладосць»